Свята Успення Найсвятой Багародзіцы належыць да пераліку 12 найбольшых свят царкоўнага года. Усе Цэ…

Свята Успення Найсвятой Багародзіцы належыць да пераліку 12 найбольшых свят царкоўнага года. Усе Цэрквы свету святкуюць Успенне 15 жніўня, але ў тых, хто прытрымліваецца юліянскага календара, яно выпадае з 13-дзённым спазненнем — 28 жніўня.

З апакрыфаў вядома, што за тры дні да смерці Марыі з’явіўся арханёл Гаўрыіл і абвясціў аб блізкім пераходзе яе да вечнасці.

Згодна з царкоўнай традыцыяй, у гэты дзень апосталы пакінулі месцы свайго прапаведавання і цудоўным чынам сабраліся ў Ерусаліме, каб развітацца з Багародзіцай і пахаваць яе цела. Знаходзячыся вакол яе ложа, яны былі аслеплены яркім святлом, у якім з’явіўся сам Хрыстос у асяроддзі анёлаў і арханёлаў. У гэты момант чыстая душа Дзевы Марыі без пакуты, нібы ў сне, адышла да Госпада. Іканаграфічная традыцыя свята апавядае, што Багародзіца аддала сваю чыстую душу ў рукі свайго Сына і Госпада Ісуса Хрыста, а ў гэты час з нябёсаў луналі гукі анёльскіх хораў.

Цела Найсвяцейшай Багародзіцы апосталы перанеслі ў Гефсіманію, дзе была грабніца яе бацькоў і мужа. У дарозе да магілы працэсію апосталаў суправаджала цудоўная светлая хмара і сонм анёлаў.

Царкоўная традыцыя апавядае, што апостал Тамаш, які прыбыў са спазненнем, засмуціўся, што не змог быць каля Багародзіцы ў апошнія хвіліны яе зямнога жыцця. Каб ён мог развітацца з яе целам, апосталы адкацілі надмагільны камень. Але на здзіўленне ўсіх ўнутры былі толькі рызы Дзевы Марыі. Яе цела, як і душа, было ўзята Госпадам на Неба (у лацінскай традыцыі гэтае свята адсюль носіць назву Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі).