Літургічны культ Багародзіцы асабліва развіўся пасля Трэцяга Сусветнага сабора ў Эфесе (431 г.). У …
15.08.2025Грэка-католікі Беларусі
Літургічны культ Багародзіцы асабліва развіўся пасля Трэцяга Сусветнага сабора ў Эфесе (431 г.). У той час, у Ерусаліме ўзнікла святкаванне 15 жніўня «Свята Марыі Багамаці». Гэта было адзінае свята ў літургічным календары Ерусаліма, прысвечанае Марыі. У цэнтры святкавання была тэма Хрыстовага Нараджэння, якое адбылося праз Марыю.
У VI стагоддзі, ужо пасля зацвярджэння ў Ерусаліме асобнага святкавання Нараджэння Хрыстовага 25 снежня, свята «Марыі Багамаці» змяняе свой змест і назву і становіцца прысвечаным Успенню Найсвятой Багародзіцы. Сваю цяперашнюю назву яно атрымала ў VІ ст. Імператар Маўрыкій (582-602) загадаў святкаваць Успенне па ўсёй Візантыйскай імперыі. На захадзе традыцыю святкавання ўвёў Папа Сергій І (687-701). А ў 1950 г. Папа Пій ХІІ абвясціў догму, што «Беззаганная Божая Маці, Вечнадзева Марыя, споўніўшы бег свайго зямнога жыцця, была ўзята з целам і душой да нябеснай славы».
Айцы Царквы, св. Андрэй Крыцкі і св. Ян Дамаскін, склалі цудоўныя пропаведзі на свята Успення. Апошні таксама гаворыць пра цудоўнае ўзнясенне Багародзіцы.