Застаецца ў тэкстах свята важнай і тэма асвячэння чалавека і абнаўлення ў хрышчэнні: «Апаганеную прыроду смяротных ачысціў Ты вадой і агнём; уласнай плоццю паказваеш Ты яе яснасць, абліччам Сваім заззяўшы ярчэй за сонца, на ўзор будучай славы». Вернікі моляць Бога «перамяніць наша Істоту, каб і яна заззяла з Боскай тваёй плоццю».
Новым жа акцэнтам у царкоўным святкаванні можна лічыць усталяванне прамой сувязі паміж святам Перамянення і старазапаветным святам палатак (Кучак). Кучкі — гэта свята радасці, падзякі і адпачынку ў палатках пасля збору ўраджаю. Улічваючы словы Пятра: «Добра нам тут быць», – і прапанову пабудаваць палаткі, Царква тлумачыла Перамяненне як прадчуванне другога прышэсця Хрыста, у якім вернікі будуць радавацца і адпачываць, цешачыся сабранымі пладамі. Ідэя Перамянення як прадчування другога прышэсця Хрыста адлюстравана ў літургічных тэкстах: «Перамяніўся Ты, Збавіцелю, на гары Табор, паказаўшы змену, што мае стацца з людской прыродай, калі яна будзе праслаўленая ў другое прыйсце Тваё».
Пры пераходзе свята Перамянення з Палесціны ў Канстанцінопаль прамыя згадкі пра свята Кучак зніклі, таму няма іх і ў сучасным візантыйскім абрадзе. Нягледзячы на гэта, пэўнай сувяззю Перамянення са святам Кучак можна лічыць блаславенне ў гэты дзень пладоў.