Што стаіць за малазразумелым фрагментам у лісце Яна Баршчэўскага ад 10 верасня 1843 года?Пра гэта пі…

Што стаіць за малазразумелым фрагментам у лісце Яна Баршчэўскага ад 10 верасня 1843 года?

Пра гэта піша Дзмітрый Вінаходаў у адным з леташніх нумароў «Весніка Полацкага дзяржуніверсітэта». У лісце да Юліі Корсак, дачкі невельскага землеўладальніка, ад 10 (22) верасня 1843 г. Ян Баршчэўскі заўважае: «Выязджаў з Невеля ў Полацк 1 жніўня… Даручэнне п. Гліцэрыі выканаў асабіста, пабываў у Спасе, перадаў ліст, паўгадзіны гаварыў з імі пра іх сумны лёс і, пажадаўшы трымацца да канца, вярнуўся ў Полацк».

Гаворка ішла пра наведванне Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, дзе тры манахіні-базыліянкі пасля забароны ўніяцтва адмовіліся пераходзіць у праваслаўе. Пані Гліцэрыя — верагодна, цётка Юліі Корсак. Яна перадала вестку пра прызначэнне новай ігуменні.

Канфесійнае супрацьстаянне на беларускіх землях працягвала ўплываць на Яна Баршчэўскага, і няшчасці духоўна блізкіх землякоў ён успрымаў вельмі асабіста. Зборнік апавяданняў «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» пачаў выходзіць праз год.