Хрыстовы крыж – збаўленне чалавечага родуНаш Госпад Ісус Хрыстос быў кінуты пад ногі смерці, але Сам…
Наш Госпад Ісус Хрыстос быў кінуты пад ногі смерці, але Сам растаптаў яе, як топчуць дарогу. Ён паддаўся смерці і прыняў яе добраахвотна, каб яе знішчыць насуперак яе волі. Наш Госпад пайшоў на смерць, несучы крыж, бо смерць гэтага хацела, але Ён закрычаў на крыжы і вывеў мёртвых з адхлані насуперак жаданню смерці.
Смерць забіла Госпада ў Яго чалавечым целе, але той самай зброяй Ён здабыў перамогу над смерцю. Боства ўкрылася ў чалавечай прыродзе і падступіла да смерці; яна ж забіла і сама была забіта. Смерць забіла прыроднае жыццё, але, у сваю чаргу, яе забіла надпрыроднае жыццё.
Паколькі смерць не магла пажэрці Яго без цела, і адхлань не магла паглынуць Яго без цела, Госпад сышоў ва ўлонне Дзевы, каб узятае ад Яе цела прывяло Яго ў адхлань. У прынятым целе Ён спусціўся ў адхлань, раскідаў і зрабаваў сабраныя там скарбы.
Прыйшоў да Евы, маці ўсіх жывых. Яна – вінаграднік, агароджу якога смерць выламала ўласнымі рукамі Евы, каб тая пакаштавала свой плод. Таму Ева, маці ўсіх жывых, стала для ўсіх крыніцай смерці.
Аднак, замест старой вінаграднай лазы, Евы, расквітнела Марыя, у якой пасяліўся Хрыстос – новае жыццё. Смерць шукала пажывы і, як зазвычай, падступілася, не падазраючы нічога. Але ў смяротным плодзе было схавана Жыццё, знішчальнае для смерці. Калі смерць паглынула Яго, не баючыся нічога, яна вызваліла жыццё і разам з ім многіх.
Наколькі ж вялікі гэты Сын цесляра, Які ўзнёс свой крыж над безданню, што паглынае ўсё, і перанёс чалавечы род у дом жыцця. З-за дрэва чалавечы род упаў у самыя нізіны, і дзякуючы дрэву перанёсся ў дом жыцця. На дрэве, да якога прышчапілі церні, прышчапілі і салодкі парастак, якому не можа супрацьстаяць ніякае стварэнне.
Хвала Табе! Ты ўзвёў свой крыж як мост па-над смерцю, каб душы пераходзілі па ім з краіны смерці ў краіну жыцця.
Хвала Табе! Ты апрануў смяротнае людское цела, каб учыніць з яго крыніцу жыцця для ўсіх смяротных.
Ты сапраўды жывеш, бо Твае забойцы абышліся з Тваім жыццём, як земляробы: пасеялі Цябе, як збажыну, у глыбінях, каб Ты ўваскрос адтуль і ўваскрасіў разам з сабою многіх.
Хадземце, прынясём вялікую агульную ахвяру нашай любові, шчыра заспяваем песні і малітвы Таму, Хто прынёс Свой крыж у ахвяру Богу, каб узбагаціць ягонай моцай нас усіх.
Св. Ахрэм Сірын