PRO MEMORIA: 13 красавіка 1991 года Папа Ян Павел ІІ здзейсніў гістарычны акт рэарганізацыі дыяцэзія…

PRO MEMORIA: 13 красавіка 1991 года Папа Ян Павел ІІ здзейсніў гістарычны акт рэарганізацыі дыяцэзіяльнай структуры Касцёла на Беларусі.

З часткі былой Магілёўскай архідыяцэзіі і Мінскай дыяцэзіі была ўтворана Мінска-Магілёўская мітраполія, у склад якой увайшлі Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, адноўленая ў іншых межах Пінская дыяцэзія і новаствораная Гродзенская дыяцэзія.

Арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі быў прызначаны ксёндз Казімір Свёнтэк, які да таго часу быў Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі і пробашчам катэдральнай парафіі ў Пінску. Дыяцэзіяльным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі быў прызначаны ксёндз Аляксандр Кашкевіч, які да таго часу быў пробашчам парафіі Святога Духа ў Вільні.

Такім чынам Святы Айцец паказаў усяму свету Касцёл на Беларусі — Касцёл, які да гэтага часу прыгняталі, знішчалі, — як Касцёл непераможаны, які распачынаў сваё аднаўленне пасля гадоў цяжкога пераследу, але ўжо пад кіраўніцтвам усталяванай касцёльнай іерархіі.

Праз паўгода Папа Ян Павел ІІ ужо даў магчымасць Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму публічна выступіць ад імя партыкулярнага Касцёла на Беларусі на Першым Спецыяльным Сінодзе Біскупаў Еўропы ў Рыме. Гэтую прамову Святы Айцец пазначыў словамі bene dixisti. (Паводле “НАША ВЕРА” № 4(38)/2006).