ДЭКАДА ЎШАНАВАННЯ СВВ. КІРЫЛА І МЯТОДА19 лютага 2025 – у Мінску Дзень малітвы за беларускіх біблеіст…

ДЭКАДА ЎШАНАВАННЯ СВВ. КІРЫЛА І МЯТОДА
19 лютага 2025 – у Мінску Дзень малітвы за беларускіх біблеістаў, перакладчыкаў, выдаўцаў, разпаўсюджвальнікаў Бібліі.
У Парафіях ды Супольнасцях грэка-каталіцкіх у Беларусі, праходзіць Дэкада ўшанавання святых Апосталаў Славянаў Кірыла і Мятода. 14 – 23 лютага, узгадваюцца Постаці, якія на працягу гісторыі былі носьбітамі Спадчыны Святых Салунскіх Братоў на Беларускіх Землях. Вернікі так сама наведваюць месцы, дзе гэтыя Постаці мужна неслі сведчанне веры, надзеі ды любові.

Грэка-католікі Мінска 19 лютага 2025 г. узгадалі Слугу Божага Біскупа Зыгмунта Лазінскага, выдатнага біблеіста, біскупа Мінскага (1917-1925), біскупа Пінскага (1925-1932).
Малітоўны ўспамін меў месца ў рамках Боскай Літургіі ў грэка-каталіцкім храме Маці Божай Нястомнай Дапамогі, які знаходзіцца побач касцёла Узвышэння св. Крыжа на Кальварыйскіх могілках, дзе малады святар Зыгмунт Дазінскі пачынаў душпастырскае служэнне ў Мінску – у 1904 г. (ад 1905 ён служыў ў касцёле Найсв. Імя Дзевы Марыі).

Святы Айцец Бенядыкт XV аднавіў Мінскую дыяцэзію і 2 лістапада 1917 года прызначыў яе архіпастырам Зыгмунта Лазінскага. 6 снежня 1918 г. падчас св. Імшы, якую ўзначаліў сам біскуп, хор пад кіраўніцтвам рэктара духоўнай семінарыі манаха-марыяніна Фабіяна Абрантовіча пачаў спяваць рэлігійныя песні на беларускай мове. Пасля біскуп Зыгмунд прачытаў Евангелле на беларускай мове і звярнуўся з пропаведдзю па-беларуску – горача, ад душы. Такім чынам біскуп Зыгмунт стварыў прэцэдэнт, пасля якога беларускія службы, чытанні Евангелля на беларускай мове і беларускія пропаведзі сталі легальнымі, рэгулярнымі і звыклымі ў касцёльнай практыцы. У Мінску пры біскупе Лазінскім іх праводзілі кожны дзень.
28 кастрычніка 1925 года Папа Пій XI утварыў новую дыяцэзію – Пінскую а Зыгмунт Лазінскі стаў яе першым біскупам. У той час ён выкладаў біблейскія, матэматычныя і гуманітарныя навукі ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, якую сам заснаваў. Ён рупліва падтрымліваў “Усходні гурток” пры той жа семінарыі.

Біскуп Зыгмунт Лазінскі – выдатны багаслоў, біблеіст быў ініцыятарам Пінскіх Унійных Канферэнцый – арганізаваных у духу Кірыла-Метадыеўскіх Велеградскіх Кангрэсаў.