Святы Ахрэм нарадзіўся ў Месапатаміі каля 300 г. Ягоны бацька, паганскі святар, выгнаў яго з дому за сімпатыю да хрысціянаў. Некаторы час яго перахоўваў у сябе св. Якуб, біскуп Нізібіі, які даў яму добрае выхаванне.
Дасягнуўшы 18-годдзя, прыняў хрост і распачаў манаскае жыццё, быў высвечаны на дыякана і стаўся настаўнікам ў вядомай хрысціянскай школе ў Нізібіі. Каментаваў таксама Святое Пісьмо і тлумачыў дагматы веры. Калі з палітычных прычынаў Нізібія перайшла да Персіі, шматлікія хрысціяне, а з імі і св. Ахрэм, пакінулі бацькаўшчыну і перасяліліся ў Эдэс, дзе св. Ахрэм працягваў навучаць. Памёр у 373 годзе.
Напісаў па-сірыйску шмат рэлігійных гімнаў, якія былі перакладзеныя на грэцкую мову. Вызначаўся асаблівай пабожнасцю да Багародзіцы. Нам таксама добра вядомы малітвай, якую прамаўляем у часе Вялікага посту “Госпадзе і Ўладару жыцьця майго…”