СТРЭЧАННЕ2 лютага адзначаецца свята Сустрэчы Госпада нашага Ісуса Хрыста, якое традыцыйна называюць…

СТРЭЧАННЕ

2 лютага адзначаецца свята Сустрэчы Госпада нашага Ісуса Хрыста, якое традыцыйна называюць яшчэ святам Маці Божай Грамнічнай, або Грамніцамі. У гэты дзень у Літургіі ўспамінаецца прынясенне Дзіцятка Ісуса ў святыню для выканання абраду ахвяравання, прадпісанага законамі Старога Запавету. Такім чынам, ужо ў самым пачатку зямнога жыцця Збаўцы Бог сведчыць, што Ісус прыйшоў у свет не парушыць закон, а выканаць яго.

Гэтае свята, вядомае яшчэ з хрысціянскай старажытнасці, заўсёды мела падвойны характар, бо яно адначасова з’яўляецца і святам Госпада, і адным з найбольш папулярных марыйных святаў. Ва ўсходняй традыцыі яно называецца «Стрэчаннем», бо ў дзень, калі Марыя з Язэпам прынеслі Дзіцятка Ісуса ў святыню, Месія ўпершыню сустракаецца са сваім народам.

Згодна з апавяданнем евангелістаў, першымі людзьмі, якія сустрэлі Госпада, пазнаўшы ў маленькім Дзіцятку самога Хрыста, былі прарок Сімяон і старая ўдава па імені Ганна, якая няспынна прабывала ў святыні.

У гэты дзень асвячаюцца свечкі. Свечка — сімвал Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам. У малітве асвячэння да Бога ўзносіцца просьба: “Дазволь літасціва, каб, як гэтыя свечы, што гараць бачным агнём і разганяюць начную цемру, так і сэрцы нашыя, прасветленыя нябачным агнём, якім ёсць святло Духа Святога, пазбеглі цемры граху, і ачышчаным вокам душы бачылі тое, што ёсць прыемным Табе і карысным для нашага збаўлення. Дай каб мы, перамогшы цемру і прынады гэтага свету, сталіся годнымі быць удзельнікамі Незаходнага святла”.