«Госпад скіраваў да мяне слова: Сыне чалавечы, прароч супраць пастыраў Ізраіля, прароч і скажы пастырам» (Езк 34, 2). Бог дапаможа сказаць нам праўду, калі мы не пажадаем шукаць яе ў сабе. Калі б мы абвяшчалі сваё вучэнне, мы былі б пастырамі, якія пасвяць саміх сябе, а не авечак. Калі ж мы абвяшчаем Яго вучэнне, Ён становіцца вашым Пастырам, кім бы ні быў пасрэднік. «Так кажа Госпад Бог: “Гора пастырам Ізраіля, якія пасвілі саміх сябе! Хіба не павінны пастыры пасвіць авечак?”» (Езк 34, 2). Гэта азначае, што праўдзівыя пастыры не павінны пасвіць сябе, але авечак. І гэта першая прычына, чаму пастыры чуюць дакоры; яны пасвяць сябе, а не авечак. Хто ж тыя, якія пасвяць саміх сябе? Гэта тыя, пра каго Апостал кажа: «Усе шукаюць свайго, а не таго, што Ісуса Хрыста» (Флп 2, 21).
Мы ж, каго Госпад у сваёй дабрыні, а не дзякуючы нашым заслугам, паставіў на месцы, якое абавязвае даць цяжкі рахунак, павінны выразна памятаць пра дзве справы: па-першае, што мы – хрысціяне, па-другое, што мы – пастыры. Тое, што мы хрысціяне, датычыць нас саміх; а тое, што мы пастыры, датычыць вас. Як хрысціяне, мы павінны клапаціцца пра ўласнае збаўленне, а як пастыры, мы павінны клапаціцца выключна пра вашае дабро.
Ёсць шмат хрысціянаў, якія не з’яўляюцца пастырамі. Яны ідуць да Бога больш лёгкім, як здаецца, шляхам і настолькі хутка, наколькі нясуць меншы цяжар. А мы, як хрысціяне, павінны перад Богам даць справаздачу аб сваім жыцці; але паколькі мы пастыры, таму будзем таксама даваць справаздачу аб нашым пастырстве.
Св. Аўгустын