Сьвяты апостал Андрэй – брат сьв. Пятра, вучань Яна Хрысьціцеля і Хрыста, а пасьля апостал. Паходзіў з Бэтсаіды, жыў у Капэрнауме, дзе быў рыбаком. Гэта яго сьв. Ян Хрысьціцель адправіў разам з ап. Янам да Хрыста, сказаўшы, што гэта і ёсьць Ягнё Божае.
Пасьля Зыходу Сьвятога Духа на апосталаў, сьвяты Андрэй абвяшчаў Евангельле ў Малой Азіі, Фракіі, Македоніі, дайшоў да Дуная, прайшоў узьбярэжжа Чорнага мора, Крым і, паводле славянскай легенды, дайшоў да месца, дзе цяпер стаіць горад Кіеў. Тут ён спыніўся на начлег. Устаўшы ранкам, ён сказаў сваім вучням: “Бачыце гэтыя горы? На гэтых горах зазьзяе ласка Божая, будзе вялікі горад і Бог збудуе тут шмат цэркваў!”
Памаліўшыся, ён пайшоў далей да месца, дзе цяпер стаіць Ноўгарад. Адтуль ён накіраваўся ў Рым, а пасьля ў Фракію. Па дарозе ён нёс людзям Добрую Вестку пра Хрыста, не зважаючы на вялікія цярпеньні і перасьледаваньні ад паганаў.
Апошнім горадам, у які прыйшоў апостал Андрэй у 62 годзе, быў горад Патры. Тут ён учыніў шмат цудаў, аздараўленьняў, палымяна прапаведваў Хрыста, навяртаў паганаў. За гэта яго загадалі расьпяць на крыжы. Два дні сьвяты апостал прапаведаваў і навучаў людзей з крыжа, а пасьля памёр.
Мошчы сьвятога апостала Андрэя спачываюць у Канстанцінопалі ў храме Сьвятых Апосталаў побач з мошчамі сьвятога евангеліста Лукі і вучня апостала Паўла – апостала Цімафея.