Уладзімір Тарасевіч (на фота злева) нарадзіўся 27 лістапада 1921 г. у в. Клешнякі Лідскага павету Наваградскага ваяводства, цяпер Шчучынскі раён. Паходзіў з сям’і беларускіх католікаў.
Напярэдадні Другой сусветнай вайны выехаў у ЗША да свайго дзядзькі, беларускага святара Янкі Тарасевіча, манаха-бенедыктынца ў чэшскім абацтве св. Пракопа недалёка ад Чыкага. Там вучыўся ў сярэдняй школе. Скончыў духоўную семінарыю і каледж.
У 1944 г. уступіў у Ордэн бенедыктынцаў. Высвечаны ў святары ў 1949 г. Вывучаў багаслоўе ў каталіцкім універсітэце ў г. Вашынгтон, дзе абараніў магістэрскую дысертацыю. На пачатку 1950-х гадоў вучобу прадоўжыў у Еўропе. Вучыўся ў папскім Грыгарыянскім універсітэце і ва Усходнім інстытуце ў Рыме.
Вярнуўся ў ЗША з навуковай ступенню доктара багаслоўскіх навук. З 1958 г. – настаяцель беларускай уніяцкай царквы Хрыста Збавіцеля ў Чыкага. Выдаваў бюлетэнь «Праўда». Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў уніяцкага перыядычнага часопіса «Церковный голос», на старонках якога шырока асвятляў і беларускія нацыянальна-рэлігійныя справы. 25 красавіка 1959 г. адчытаў малітву за беларускі народ у Кангрэсе ЗША.
Прымаў удзел у аднаўленні беларускіх праграм на Амерыканскім радыё ў Чыкага. У 1975 г. быў узведзены ў сан архімандрыта, 8 верасня 1983 г. узведзены ў сан біскупа. Адначасова Папам Рымскім прызначаны на пасаду апостальскага візітатара для беларусаў-католікаў заходняга і ўсходняга абрадаў на эміграцыі. Памёр 2 студзеня 1986 г. Пахаваны на манастырскіх могілках у абацтве св. Пракопа ў мясцовасці Лайл недалёка ад Чыкага.