Калі шчыра падумаць над дарамі Божымі, можна зразумець іх хараство. Бо ад Якуба паходзяць усе святары і левіты, якія прыслугоўваюць пры алтары Госпада. Ад яго паводле цела паходзіць Ісус Хрыстос. Ад яго праз род Юды – каралі, князі і правадыры. Таксама астатнія яго пакаленні цешыліся не меншым гонарам, бо Госпад абяцаў: «Патомства тваё будзе, як зоркі на небе» (Быц 15, 5; 22, 17, 26, 4). І ўсе яны здабылі славу і пашану не дзякуючы самім сабе, сваім справам ці справядлівым учынкам, а дзякуючы Яго добрай волі. І мы, пакліканыя Яго воляй у Хрысце Ісусе, заслугоўваем апраўданне не праз сваю мудрасць, розум, пабожнасць ці сумленныя ўчынкі, але дзякуючы веры, праз якую ўсемагутны Бог апраўдаў усіх ад пачатку. І Яму слава на векі вечныя. Амін.
Дык што ж нам рабіць, браты? Адступіцца ад добрых спраў і занядбаць любоў? Няхай Госпад ніколі не дазволіць нам гэтага, але з руплівасцю і гатоўнасцю духа паспяшаемся да ўсякай добрай справы. Бо сам Стварыцель і Госпад сусвету радуецца ў сваім стварэнні. Ён умацаваў нябёсы сваёй найвышэйшай і невыказнай моцай, упрыгожыў іх мудрасцю сваёй. Ён аддзяліў зямлю ад вады, што яе атачае, і ўмацаваў на непарушным падмурку сваёй добрай волі; і жывым істотам, якія яе насяляюць, сваім загадам даў існаванне; сваёю моцай напоўніў мора, якое перад гэтым стварыў, жывымі істотамі.
Да ўсяго гэтага стварыў сваімі святымі і беззаганнымі рукамі чалавека – найцудоўнейшую жывую істоту, адораную розумам і падабенствам да вобразу Божага. Так кажа Бог: «Створым чалавека на вобраз і падабенства наша; і стварыў Бог чалавека: мужчынам і жанчынай стварыў іх» (пар. Быц 1, 26-27). Завяршыўшы стварэнне, пахваліў усё, блаславіў і сказаў: «Пладзіцеся і памнажайцеся» (Быц 1, 28). Дык пабачым жа, што ўсе праведныя былі ўпрыгожаныя добрымі справамі і што сам Госпад з радасцю рабіў так. Маючы такі прыклад, будзем нястомна ісці за Яго добрай воляй і з усіх сіл здзяйсняць учынкі справядлівасці.
Св. Клімент, Папа Рымскі