Таму гэта ўладанне Хрыстова, гэтая спадчына Хрыстова, гэта цела Хрыста – адзіная Хрыстовая Царква; тая еднасць, якой мы з’яўляемся, усклікае з краёў зямлі. Аб чым усклікае? Аб тым, што я сказаў вышэй: «Пачуй, Божа, маю просьбу, прыслухайся да маёй малітвы; з краёў зямлі я ўсклікаю да Цябе». Аб гэтым я ўсклікаў да Цябе з краёў зямлі, гэта значыць адусюль.
Але чаму я ўсклікаў аб гэтым? Бо знемагае сэрца маё. Гэта значыць, што Цела Хрыста, якое ўтвараюць на зямлі ўсе людзі, не зведвае славу, але праходзіць праз вялікае выпрабаванне.
Наша жыццё ў гэтай вандроўцы не можа праходзіць без выпрабавання, паколькі праз выпрабаванні мы ўдасканальваемся. Той, хто не ведае выпрабаванняў, не можа спазнаць сябе. Ніхто таксама не можа дасягнуць вянка славы без перамогі. Перамагае ж праз змаганне, а змагацца можа толькі тады, калі апынецца перад выпрабаваннямі і непрыяцелем.
У таго, хто кліча з краёў зямлі, сапраўды знемагае сэрца; аднак ён не пакінуты, бо нас, якія ўтвараем Цела Хрыстова, Ён пажадаў перамяніць на ўзор таго цела, у якім памёр, уваскрос, узышоў на неба, каб туды, куды накіроўваецца Галава, мелі надзею патрапіць і іншыя часткі Цела.
Хрыстос перамяніў нас у Сябе, калі дазволіў сатане выпрабоўваць Сябе. Мы чыталі ў Евангеллі, што Хрыстос зведваў выпрабаванне на пустыні. Так, Хрыста выпрабоўваў д’ябал. У Хрысце выпрабоўваўся і ты, паколькі Ён узяў ад цябе цела, а табе даў збаўленне; ад цябе Ён узяў смерць, а табе даў жыццё; ад цябе забраў знявагі, а табе даў гонар; а значыць, ад цябе ўзяў спакусу, а табе даў сваю перамогу.
Калі мы вытрымалі ў Ім выпрабаванне, то ў Ім перамаглі і д’ябла. Бачыш, што Хрыста выпрабоўвалі, а не заўважаеш, што Ён атрымаў перамогу? Прызнай, што гэта цябе выпрабоўваюць у Ім і што ў Ім ты перамагаеш. Хрыстос мог бы трымаць д’ябла здалёк ад Сябе, аднак, калі б не вытрымаў выпрабавання, Ён не навучыў бы цябе, як перамагаць выпрабаванні.
Св. Аўгустын