Пачалі гаворыць на ўсіх мовах. Богу спадабалася менавіта так паказаць прысутнасць Духа Святога, што кожны, хто Яго атрымаў, гаварыў на розных мовах. Мы павінны зразумець, умілаваныя браты, што гэта ёсць той самы Дух Святы, Які напаўняе нашы сэрцы любоўю Божай.
Гэтая любоў Божая павінна была сабраць Царкву ва ўсім свеце. Калісьці адзін чалавек, атрымліваючы Духа Святога, мог гаварыць на ўсіх мовах, а цяпер на ўсіх мовах гаворыць Царква, сабраная тым жа Духам Святым.
Таму, калі хтосьці скажа аднаму з нас: «Ты атрымаў Духа Святога, чаму не гаворыш на розных мовах?» – няхай адкажа: «Чаму ж, я гавару на розных мовах, бо належу да цела Хрыстовага, гэта значыць да Царквы, якая гаворыць на розных мовах. Цi ж Бог вобразна не паказаў праз прысутнасць Духа Святога ўласна тое, што Яго Царква будзе гаварыць на розных мовах?»
Споўнілася тое, што абяцаў Госпад: «Ніхто не налівае новага віна ў старыя мяхі, але новае віно трэба наліваць у новыя мяхі, каб захавалася і тое, і другое» (пар. Лк 5, 37-38).
Таму слушна некаторыя казалі, пачуўшы, як вучні гавораць на розных мовах: «Яны напіліся маладога віна» (Дз 2, 13). Гэтыя вучні, адноўленыя ласкаю святасці, сталі як бы новымі мяхамі. Напоўненыя, быццам віном, Духам Святым, яны натхнёна гаварылі на ўсіх мовах і гэтым найвідавочнейшым цудам прадказвалі, што Царква стане паўсюднай праз мовы ўсіх народаў.
Дык святкуйце ж гэты дзень як часткі аднаго цела Хрыстовага. Бо не дарма святкуеце, калі з’яўляецеся тым, што святкуеце, будучы часткамі той Царквы, якую Госпад напоўніў Духам Святым і якая пашыраецца па ўсёй зямлі. Госпад прызнае яе сваёй Царквой, а Царква прызнае Бога сваім Госпадам. Госпад, як Абраннік, не пакідае сваёй абранніцы, і ніхто не прызначае Яму іншай.
Вам, прадстаўнікам усіх народаў, гэта значыць Царкве Хрыста, часткам цела Хрыста і самому целу, Яго абранніцы, кажа Апостал: «Цярпіце адзін аднаго ў любові, старайцеся захаваць еднасць духа ў саюзе спакою» (пар. Эф 4, 2).
Пабачце, там, дзе наказаў нам цярпець адзін аднаго, паставіў любоў; а там, дзе наказаў імкнуцца да еднасці, згадаў пра саюз спакою. Такім ёсць дом Божы, узнесены з жывых камянёў: бацька сямейства з радасцю жыве ў ім, а руіны, выкліканыя падзеламі, не павінны засмучаць яго вачэй.
Sermo 8, 1-3: PL 65, 743-744