=22 чэрвеня – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду Беларускага Народа=
Слова Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыта Сяргея да протапрэзбітараў грэка-каталіцкіх парафій.
Шаноўныя Айцы Протапрэзбітары!
Дзякуем вам, што у мінулыя дні – асабліва 21 і 22 чэрвеня – вы паклапаціліся, каб вернікі ў грэка-каталіцкіх парафіях і супольнасцях па ўсёй Беларусі мелі магчымасць духоўнага разважання і малітвы за супакой загінулых суграмадзянаў Беларусі ў драматычны час ВАВ.
Асаблівая ўдзячнасць тым вернікам-пілігрымам, што ў гэтыя дні наведалі Бабровічы, Брэст, Навумавічы (Форт №2), Росіцу, Хатынь…
Сімвалічны характар мела памінальная малітва сёння (22.06.22) у 12:00 гадзін – у капліцы парафіі Праведнага Язэпа ў Мінску.
Наша малітоўная памяць накіраваная на светлую постаць грэка-каталіцкага экзарха Антона Неманцэвіча – пакутніка, замучанага ў Мінску 6.01.1943 г. у нацысцкай турме СД і пахаванага на нямецкіх могілках (сёння неіснуючых), на тэрыторыі грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі (зав. Снежны, 7) у Фрунзенскім раёне Мінска.
Вельмі балюча, што капліца на зав. Снежным д. 7 закрытая і вернікі не могуць там жа – як у мінулыя гады – узгадаць свайго іерарха-пакутніка, ахвяру нацысцкага генацыду.
Прашу вас у бліжайшыя дні – асабліва ў пятніцу і суботу (дні памінання памерлых) – працягнуць “малітоўны ўспамін”.
Усім загінулым у час ВАВ жыхарам Беларусі – учыні, Госпадзе, Вечную памяць!
+архімандрыт Сяргей (Гаек), Апост. віз.
Мінск, 22.06.2022