Любоў да Бога – гэта нішто іншае, як любоў да справядлівасціЯк любоў да Бога звязана з любоўю да блі…

Любоў да Бога – гэта нішто іншае, як любоў да справядлівасці

Як любоў да Бога звязана з любоўю да бліжняга, так і прага справядлівасці спалучана з дабрадзейнасцю міласэрнасці. Таму сказана: «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць» (Мц 5, 7).

Прызнай, хрысціянін, узнёсласць сваёй мудрасці, пазнай, якімі шляхамі, да якіх узнагародаў ты пакліканы. Міласэрнасць хоча, каб ты быў міласэрным, Справядлівасць – каб быў справядлівы. І гэта для таго, каб Стварыцель аб’явіўся ў сваім стварэнні, а Божы вобраз праз наследаванне адбіўся ў люстэрку чалавечага сэрца. Вера бяспечная, калі спалучана будзе з учынкамі; так споўняцца твае жаданні і ты навекі атрымаеш тое, што любіш.

Паколькі праз міласціну ўсё стане для цябе чыстае, то ты дасягнеш таксама і яго блаславення, якое Ісус абяцае ў словах: «Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць» (Мц 5, 8).

Умілаваныя, наколькі ж шчаслівы той, каму падрыхтавана такая вялікая ўзнагарода! Што ж азначае мець чыстае сэрца, калі не стараннае імкненне да вышэй названых дабрадзейнасцяў? Які ж розум зможа зразумець, які ж язык зможа выразіць шчасце, што вынікае з сузірання Бога. Але менавіта гэта стане лёсам перамененай чалавечай прыроды: «Бо цяпер мы бачым праз люстэрка, цьмяна, а тады – тварам у твар» (1 Кар 13, 12) убачым Бога, якім Ён ёсць, Бога, якога ніхто з людзей не мог убачыць. З невыказнай радасцю ўбачым, «чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і не спазнала сэрца чалавека» (1 Кар 2, 9).

Св. Леў Вялікі