Трэба ведаць, што імя «анёл» азначае заданне, а не прыроду. Святыя духі ў небе сапраўды заўсёды з’яў…

Трэба ведаць, што імя «анёл» азначае заданне, а не прыроду. Святыя духі ў небе сапраўды заўсёды з’яўляюцца духамі, але не заўсёды іх можна называць анёламі, а толькі тады, калі яны з’яўляюцца, каб штосьці абвясціць. Духі, якія абвяшчаюць менш значныя справы, называюцца анёламі, а тыя, якія прадказваюць найбольш узнёслыя падзеі, называюцца арханёламі.

Да Дзевы Марыі быў пасланы не які-небудзь анёл, але арханёл Габрыэль. Для выканання гэтага задання быў пасланы найважнейшы анёл, каб абвясціць найбольш значную сярод усіх падзей.

Больш за тое, некаторыя з іх маюць уласныя імёны, каб ужо у саміх імёнах была бачна сутнасць даручанай ім паслугі. Дарэчы, уласныя імёны яны не атрымліваюць у гэтым Святым Горадзе, таму што і без гэтых імёнаў яны былі б там пазнаныя. Бо там існуе дасканалае пазнанне, якое вынікае з сузірання Бога. Імёны, якія ўказваюць на вызначаныя для іх заданні, яны атрымліваюць ад нас, калі з’яўляюцца, каб здзейсніць для нас нейкую паслугу. Імя Міхал азначае: «Хто як Бог»; Габрыэль – «Божая моц»; Рафал – «Бог аздараўляе».

Таму кожны раз, калі ўзнікае неабходнасць здзейсніць штосьці вялікае, пасылаецца Міхал, каб з самога ўчынку і з імя можна было зразумець, што ніхто не можа зрабіць тое, што належыць самому Богу. Старадаўні вораг, які з прычыны сваёй пыхі жадаў быць падобным да Бога, кажучы: «Узыду на неба, вышэй за зоркі нябесныя пастаўлю свой трон, буду падобны да Найвышэйшага» (пар. Іс 14, 13-14), – пакінуты напрыканцы свету сам сабе, перш, чым атрымае канчатковае пакаранне, будзе змагацца з арханёлам Міхалам паводле сведчання Яна: «Узнялася бітва на небе. Міхал і ягоныя анёлы змагаліся з цмокам» (Ап 12, 7).

Да Марыі быў пасланы арханёл па імені Габрыэль, якое азначае «Божая моц». Ён з’явіўся, каб звеставаць таго, хто пажадаў аб’явіцца ў постаці слугі, каб запанаваць над сіламі зла. Так, «Божая моц» прадказала таго, хто прыйшоў як Госпад Сілаў і моцны ў змаганні.

Як ужо было сказана, імя Рафал азначае «Бог аздараўляе», бо арханёл вылечыў ад слепаты вочы Тобія, дакрануўшыся да іх, быццам бы ён гэтым жэстам аздаравіў іх. Таму той, хто прыйшоў вылечыць хваробу, справядліва названы «Бог аздараўляе».

Св. Рыгор Вялікі