Паглядзіце на тых, хто прагне жыць добра, хто пастанавіў жыць добра, але яны менш умеюць зносіць зло…

Грэка-католікі Беларусі #Царква

Паглядзіце на тых, хто прагне жыць добра, хто пастанавіў жыць добра, але яны менш умеюць зносіць зло, чым рабіць дабро. Аднак сіла хрысціяніна не толькі ў тым, каб рабіць дабро, але таксама ў знясенні зла. Таму тыя, хто выдаецца руплівым у здзяйсненні дабра, але не ўмее і не хоча зносіць цярпенні, якія сустракае, належаць да слабых людзей. Тыя ж, хто любіць свет, і ў выніку нейкай пажадлівасці адыходзяць ад здзяйснення дабра, таксама з’яўляюцца хворымі і лянівымі. Хвароба нібы забірае ўсе іхнія сілы, і яны нічога добрага не могуць рабіць.

Менавіта такім быў у душы той паралізаваны, якога тыя, хто яго нёс, не маглі прадставіць Госпаду. Таму знялі дах і паклалі хворага перад Ім. Таксама і ты павінен учыніць падобнае, калі хочаш здзейсніць тое самае ў душы: трэба зняць дах і пакласці перад Госпадам паралізаваную душу, нерухомую ва ўсіх сваіх частках, аслабленую хваравітай пажадлівасцю. Калі ж усе часткі нерухомыя і наступіў унутраны параліч, які не дае прыйсці да Лекара – а можа Лекар укрыты і знаходзіцца ў сярэдзіне: а з’яўляецца ім праўдзівы сэнс, схаваны ў Пісанні – тады, адкрываючы закрытае, адкры дах і пакладзі паралізаванага.

Вы чулі, за што дакаралі тых, хто гэта занядбоўвае і не робіць: «Вы не падмацоўвалі слабой і не лячылі хворай» (Эзх 34, 4). Мы ўжо казалі пра гэта. Чалавек быў зломлены страхам перад пагрозаю выпрабаванняў. Лекам на гэта з’яўляюцца словы суцяшэння: «Бог, які ёсць верным, не дазволіць выпрабоўваць вас больш, чым маеце сілы, але разам з выпрабаваннем дасць і выйсце, каб вы маглі вытрываць» (1 Кар 10, 13).

Св. Аўгустын