І ўбачыў Бог усё, што стварыў, і было вельмі добра (Быц 1, 31)
Як я прымаю ўсё, што стварыў Бог? З першых радкоў Святога Пісання мы даведваемся пра Бога — Творцу, Які стварае свет у бясконцай велічы: космас, прыроду, чалавека. Святое Пісанне сведчыць, што праз стварэнне мы пазнаем Творцу: «Бо з велічы і прыгажосці стварэнняў, праз падабенства можна пазнаць Творцу іх» (Мдр 13, 5).
“Нішто іншае не магло быць прычынай існавання свету, акрамя Бога, Які Сам з’яўляецца Добрым, стварыў тое, што карыснае; Сам Мудры стварыў тое, што цудоўнае; Сам Магутны стварыў тое, што вялікае. І таму Ён з’явіўся табе нібы мастак, які не толькі ведае быццё ўсіх рэчаў, але і гарманічна злучыў асобныя часткі і давёў цэлае да цудоўнай гармоніі і згоды”. (св. Васіль Вялікі)
Асаблівым стварэннем Божым з’яўляецца чалавек, якога Госпад Бог надзяліў вялікай годнасцю і сілай. Ён пасяліў яго ў райскім садзе. У ім чалавек меў блаславёнае і шчаслівае жыццё. Усё, што стварыў Бог, Ён даў чалавеку і ўпаўнаважыў яго працягваць Яго справу стварэння. Чалавек, атрымаўшы Божыя дары, пакліканы памнажаць іх, развіваць, клапаціцца пра іх. Бог стварыў гэты свет для чалавека, даручыў яму ўпарадкаваць яго (Пс 8, 5–7), і таму чалавек нясе за яго маральную адказнасць (пар. Быц 1, 28).
У свеце, створаным Богам, пануе гармонія, таму чалавек можа правільна дзейнічаць у ім толькі тады, калі ён знаходзіцца ў еднасці з Богам, захоўвае ўстаноўлены Ім парадак і пастаўленую Ім мэту. Калі чалавек, дзякуючы працы сваіх рук і сваім здольнасцям, адкрывае таямніцы прыроды і правільна ўпарадкоўвае свет, тады ён спазнае веліч і прысутнасць Бога Стварыцеля. Чалавек, які сваёй дзейнасцю наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю, знішчае Божае стварэнне, неад’емнай часткай якога з’яўляецца. Ён грашыць у адносінах да стварэння, у адносінах да сябе і Бога.