Любі бліжняга твайго, як самога сябе (Ляв 19, 17).
Чаму мы любім бліжніх?
Госпад Бог любіць кожнага чалавека. Ён стварае яго на вобраз Свой, дае яму несмяротную душу. Кожны чалавек пакліканы да вечнага жыцця ў Богу. Ісус Хрыстос збаўляе кожнага чалавека праз сваё ўцелаўленне, муку, смерць і ўваскрасенне. Усе людзі, такія розныя на першы погляд, нагадваюць нам пра Бога – Творцу і Збаўцу.
Прымаючы бязмежную Божую любоў і клопат, мы адказваем любоўю да Бога і да людзей. Любоў да Бога выяўляецца ў нашай любові да людзей. Бліжнімі нашымі з’яўляюцца ўсе людзі — родзічы, сябры, суседзі, незнаёмыя і нават ворагі. Мы любім сям’ю і сяброў, клапоцімся пра незнаёмцаў. Але як быць з тымі, чые намеры і дзеянні накіраваны супраць нас?
Ісус заклікае нас да цэласнай любові да Бога і да бліжняга – любові, якая спалучае нашыя перакананні, пачуцці, словы і ўчынкі. «Калі хто кажа: «Я люблю Бога», але ненавідзіць брата свайго, той хлус. Бо хто не любіць брата свайго, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць. І мы атрымалі ад яго гэты загад: «Хто любіць Бога, няхай любіць і брата свайго» (1 Ян 4, 19-21). «Хто любіць брата свайго, той прабывае ў святле, і ў ім няма прычыны ўпасці. Хто ненавідзіць брата свайго, той у цемры, і ў цемры ходзіць, і не ведае, куды ідзе, бо цемра засланіла яму вочы» (1 Ян 2, 10-11).
Вось што Я загадваю вам: каб вы любілі адзін аднаго! (Ян 15, 17).