Што азначае верыць у Бога?Вера з’яўляецца асновай хрысціянскага жыцця. Верыць у Бога азначае мець шч…

Што азначае верыць у Бога?

Вера з’яўляецца асновай хрысціянскага жыцця. Верыць у Бога азначае мець шчырую і цвёрдую ўпэўненасць у тым, што Бог ёсць, што Бог прысутны сярод нас, што Бог дзейнічае ў свеце і Царкве. Вера – аснова духоўнага жыцця: “Вера — гэта здзяйсненне чаканага і пэўнасць у рэчах, якіх не бачым” (Габр. 11, 1).

Мы верым у Бога, у тое, што Ён аб’явіў і што Царква падае нам для веры. У веры чалавек адкрываецца на дзеянне Святога Духа і яднаецца з уваскрослым Хрыстом. Вера з’яўляецца асновай хрысціянскай маралі, праведнасці і святасці: “Справядлівы з веры жыць будзе” (Рым. 1, 17).

Верыць — значыць адкрыцца на Бога і Яго дзеянне. Дзякуючы веры Госпад уваходзіць у глыбіню чалавечай асобы, аднаўляе яе і ўкладае ў яе сваё вечнае жыццё. Вера вядзе чалавека праз святое таінства хросту да новага нараджэння ў Хрысце. Вучань Хрыста пакліканы не толькі верыць, але таксама жыць і дзейнічаць паводле веры, вызнаваць сваю веру і распаўсюджваць яе.

Бо як цела без духа памерлае, так і вера без учынкаў мёртвая. (Як. 2, 26)

Праз дабрадзейнасць веры чалавек становіцца здольным выконваць першыя тры Божыя запаведзі. Вера адкрывае чалавека на Бога і ўнутрана яднае яго з Творцам і Збаўцам. Менавіта ў веры чалавек становіцца здольным пакланяцца адзінаму Богу ў Духу і Праўдзе.