“Спявайце Госпаду, бласлаўляйце імя Яго, абвяшчайце з дня ў дзень Яго збаўленне” (Псальм 96, 2).
Другая Божая запаведзь вучыць нас паважліва ставіцца да Божага імя. Імя ў біблейскім сэнсе – гэта значна больш, чым імя, дадзенае чалавеку або рэчы. Як правіла, імя адлюстроўвае асаблівасці і здольнасці яго носьбіта. Той, хто дае назву істоце або рэчы (называе яе), павінен ведаць яе ўнікальныя асаблівасці. “І стварыў Госпад Бог з зямлі ўсіх жывуноў палявых і ўсіх птушак паднебных і прывёў іх да чалавека, каб пабачыць, як ён назаве іх; і як чалавек назваў кожную істоту жывую, такое і імя ёй уласцівае. І так чалавек назваў сваімі імёнамі ўсіх жывёл, і ўсіх птушак паднебных, і ўсіх звяроў палявых” (Быц. 2, 19-20).
Ведаць імя чалавека ў біблейскім кантэксце азначала быць з ім у блізкіх адносінах, ведаць характэрныя асаблівасці, рысы, сутнасць чалавека. Бог ведае кожнага чалавека па імені: «Перш, чым Я ўфармаваў цябе ва ўлонні, Я ведаў цябе, і перш, чым выйшаў ты з нутра, Я пасвяціў цябе і паставіў цябе прарокам для народаў» (Ярэміі 1, 5).
У Святым Пісанні мы бачым, што Бог кліча чалавека па імені: “Госпад з сярэдзіны куста сказаў: «Майсей, Майсей!» Ён адказаў: «Я тут» (Выхад 3, 4). Ісус Хрыстос, клічучы за Сабой апосталаў, звяртаецца да іх па імені і нават дае некаторым новае імя, бо ведае, хто яны на самой справе: “Ісус, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты Сімон, сын Ёны; будзеш называцца Кіфа, што значыць Пётра» (Яна 1, 42).
У святым таінстве хросту чалавеку даецца новае імя. Пры выбары імя трэба ўлічваць не мілагучнасць і не моду, а перш за ўсё хрысціянскую традыцыю – прыклад жыцця святых, якія насілі такое імя (нябесных заступнікаў).
Бог адкрываецца чалавеку як Асоба, Яго імя асаблівае, яно святое. Аб’яўленне Богам свайго імя чалавеку з’яўляецца праявай даверу, блізкасці, адкрытасці на адносіны.
У Святым Пісанні мы бачым, што людзі па-рознаму звяртаюцца да Бога: Бог, Творца, Айцец, Усемагутны, Госпад і Уладар, указваючы на Яго рысы і дабрадзействы. І хаця ў чалавечай мове няма слова, якое магло б утрымліваць усе характарыстыкі Бога, на пытанне Майсея да Бога, як Яго імя – у чым Яго сутнасць – Бог адкрывае сваё імя: JHWH – «Я — Той, Хто ёсць» (Вых. 3, 14).