Цяпер падумайце пра свой досвед. Спытайцеся ў сябе, ці з’яўляецеся авечкамі Госпада, ці пазналі Яго, ці ўбачылі святло праўды? Скажу, што вы ведаеце не праз веру, але праз любоў. Скажу, што вы ведаеце не дзякуючы даверу, а дзякуючы дзеянню. Сам Ян Евангеліст пацвярджае гэта словамі: «Хто кажа: “Я ведаю Бога”, а не захоўвае запаведзі Ягоныя, той ілгун» (1 Ян 2, 4).
Таму Госпад пацвярджае гэтыя словы: «Як Мяне ведае Айцец, і Я ведаю Айца. Я жыццё сваё аддаю за авечак» (Ян 10, 15). Як быццам бы адкрыта кажа: па тым вядома, што Я ведаю Айца і Айцец ведае Мяне, што Я аддаю жыццё сваё за авечак, гэта значыць, тая любоў, з якой Я паміраю за авечак, сведчыць, наколькі Я люблю Айца.
Госпад зноў кажа пра гэтых авечак: «Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною, і Я даю ім вечнае жыццё» (пар. Ян 10, 14-16). Кажа пра іх таксама крыху вышэй: «Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу» (Ян 10, 9). Увойдзе да веры, выйдзе ад веры да бачання Бога, гэта значыць ад веры да сузірання, а пашу знойдзе ў вечным насычэнні.
Так авечкі Ягоныя знаходзяць пашу, бо кожны, хто ідзе за Ім са шчырым сэрцам, корміцца спажыткам вечнай зеляніны. А пашамі гэтых авечак ёсць не што іншае, як духоўныя радасці вечна квітнеючага раю. Паша выбраных – прысутнасць аблічча Божага. Калі глядзець на яго, будучы без заганы, душа бясконца насычаецца спажыткам жыцця.
Дык скіруемся, умілаваныя браты, да гэтых паш, на якіх мы будзем радавацца спатканню з такімі знакамітымі жыхарамі. Няхай нас заахвочвае да гэтага святкаванне тых, хто там весяліцца. Распалім, браты, нашы сэрцы, няхай душа саграваецца тым, у што верыць; няхай разгараецца наша імкненне да неба. Любіць такім чынам – гэта значыць ісці да яго.
Няхай ніякія нягоды не адцягваюць нас ад духоўнай радасці гэтага свята, бо калі нехта прагне ісці да прапанаванай яму мэты, то гэтага жадання не зменіць ніякая цяжкасць дарогі. Таму няхай вас не падманвае прывабнасць шчасця, бо неразумны той вандроўнік, які, убачыўшы цудоўныя краявіды лугоў, забываецца, якой дарогай ідзе.
Св. Рыгор Вялікі