Прадстаўнік Папы Рымскага адслужыў урачыстую сьв. Імшу, падчас якой асьвяціў вуглавы камень у падмурак новага касьцёла ў Берасьці ў гонар сьв. Казімера ў новазабудаваным берасьцейскім мікрараёне Вулька. Разам з ім маліліся рыма-каталіцкі біскуп Пінскі Антон Дзям’янка, Апостальскі адміністратар грэка-католікаў у Беларусі архім. Сяргей (Гаек), мясцовыя сьвятары і вернікі лацінскага і візантыйскага абрадаў. Прадстаўніка Сьвятога Айца вітаў у Берасьці новы гарадзкі кіраўнік Сяргей Лабадзінскі, які прысутнічаў таксама на ўрачыстай сьв. Імшы.
Падчас казаньня ў Берасьці ў касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа ва ўрачыстасьць Маці Божай Берасьцейскай Апостальскі нунцый архібіскуп Антэ Ёзіч адзначыў: «Неабходна пераадолець палярызацыю, якая падзяляе беларускае грамадзтва. Таму неабходна шанаваць культуру міру і спрыяць павазе і культуры любові да кожнага чалавека, абараняючы яго годнасьць. /…/ Памолімся да Маці Божай Берасьцейскай, каб яна ахоўвала нас ад усялякага зла і дапамагала перамагаць нашыя недахопы і грахі, каб заўсёды быць вернымі сьведкамі Слова Ісуса ў сьвеце, у якім мы жывём».
Перад сьв. Імшой у гонар Маці Божай Берасьцейскай з удзелам Прадстаўніка Сьвятога Айца мясцовыя грэка-католікі сьпявалі Акафіст да Найсьвяцейшай Багародзіцы. А пасьля ўрачыстасьцяў у касьцёле Апостальскі нунцый наведаў грэка-каталіцкую парафію сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя.
Фота з урачыстасьцяў у касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа:
https://photos.app.goo.gl/GcraNGoEYZKRtFW49