Сьвяты Юстын нарадзіўся каля 100 году ў Флавіі Неапаліс (стараж. Сыхем) у Палестыне, памёр як мучанік каля 165 году ў Рыме, быў раньнехрысьціянскім філосафам і апалагетам.
Ён паходзіў з паганскай сям’і. Пазнаёміўшыся з рознымі філасофскімі вучэньнямі (стаіцызм, платанізм і інш.), навярнуўся да хрысьціянства (каля 130 году прыняў хрост у Эфэсе) і сваю вялікую і ўсебаковую адукаванасьць накіраваў на яго абарону.
Як філосаф ён падарожнічаў па розных краінах, і ўрэшце дасягнуў Рыму, дзе заснаваў бясплатную школу. Ягоным вучнем быў Тацый, пазьнейшы апалагет. Паводле Яўсевія Кесарыйскага, асабістым ворагам Юстына быў цынік Крэсенс, з якім ён шмат разоў дыскутаваў у прысутнасьці сьведкаў.
Яго разам з шасьцю вучнямі абвінавацілі ў прыналежнасьці да хрысьціянаў і прыраклі на сьмерць (каля 165 году). Ягоная труна знаходзіцца ў катакомбах Кірыяка.