Пра гэтае асвячэнне, дадзенае нам праз Божую ласкавасць, кажа Апостал у наступных словах: «Ні распуснікі, ні ідалапаклоннікі, ні чужаложнікі, ні блуднікі, ні мужаложнікі, ні злодзеі, ні хціўцы, ні п’яніцы, ні паклёпнікі, ні рабаўнікі не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божае. І такімі былі некаторыя з вас. Але вы абмыліся, вы былі асвячаныя, былі апраўданыя ў імя Госпада Ісуса Хрыста і ў Духу Бога нашага!» (1 Кар 6, 9-11). Таму Апостал кажа, што мы былі асвячаныя ў імя Госпада Ісуса Хрыста і праз Духа нашага Бога. Таму просім, каб гэтае асвячэнне трывала ў нас заўсёды, а паколькі Госпад наш і Суддзя таму, каго Сам аздаравіў і вярнуў да жыцця, забараняе зноў грашыць, каб з ім не здарылася штосьці горшае, таму мы молімся няспынна, таму просім днём і ноччу, каб гэтае асвячэнне і вяртанне да жыцця, што паходзіць з Яго ласкі, дзякуючы Яго апецы захавалася ў нас назаўсёды.
Св. Кіпрыян Карфагенскі