Нашая малітва – публічная і супольнаяХрыстос, Настаўнік міру і еднасці, не хоча, каб мы маліліся пры…

Нашая малітва – публічная і супольная

Хрыстос, Настаўнік міру і еднасці, не хоча, каб мы маліліся прыватна і асобна, гэта значыць, каб кожны маліўся толькі за сябе. Не кажам: «Ойча мой, Каторы ёсць у небе» або: «Хлеба майго штодзённага дай мне сёння». Ніхто таксама не просіць пра адпушчэнне выключна сваіх правінаў і не просіць, каб толькі ён сам не спазнаваў спакусы і быў вызвалены ад зла. Нашая малітва – публічная і супольная. Таму, калі молімся, не молімся за кагосьці аднаго, але за ўвесь народ, бо, як увесь народ, ствараем адно.

Бог міру і Настаўнік згоды, той, які вучыў нас еднасці, пажадаў, каб кожны маліўся за ўсіх, так як і Ён узяў на Сябе ўсіх нас. Гэты закон малітвы захавалі тры юнакі, укінутыя ў вогненную печ. Маліліся ў адзін голас і ў аднадумстве. Пра гэта кажа Святое Пісанне, якое, расказваючы пра іх малітву, дае нам прыклад для наследавання, каб і мы былі выслуханымі падобна ім. «Гэтыя трое, − кажа, − у адзін голас спявалі гімн і благаслаўлялі Бога» (пар. Дан 3, 51). Маліліся быццам у адзін голас, хоць Хрыстос не вучыў іх малітве. А гэтая малітва была дзейснай і плённай, бо малітва ў духу, поўная міру і прастаты, падабаецца Госпаду.

Заўважым, што так маліліся Апосталы разам з вучнямі пасля Узнясення. «Усе яны, − кажа Пісанне, − сумесна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, маці Ісуса, і з братамі Ягонымі» (Дз 1,14). Трываючы разам у малітве, паказвалі праз аднадушнасць і сталасць, што Бог, які рыхтуе дом для аднадумцаў (пар. Пс 68, 7), у сваю вечную святыню прымае толькі тых, хто аднадушна трывае на малітве.

Св. Кіпрыян Карфагенскі