Бога можна знайсці ў сэрцы чалавекаЗдароўе цела несумненна з’яўляецца дабром для чалавека. Аднак шча…

Бога можна знайсці ў сэрцы чалавека

Здароўе цела несумненна з’яўляецца дабром для чалавека. Аднак шчасце не заключаецца ў тым, каб ведаць, чым ёсць здароўе, а ў тым, каб сапраўды яго мець. Таму калі хтосьці прамовіў пахвалу здароўю, але з’еў нездаровую ежу і захварэў, якую ж будзе мець карысць з папярэдняга апавядання пра здароўе? Падобным чынам трэба разумець словы, калі Госпад кажа, што шчасце не заключаецца ў тым, каб ведаць штосьці пра Бога, але каб мець Яго ў самім сабе. Сапраўды: «Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць» (Мц 5, 8).

Думаю, што гэтае цудоўнае абяцанне не прадказвае чалавеку з чыстым сэрцам бачання Бога нібы збоку, але больш падказвае нам тое, на што выразна ўказваюць іншыя словы: «Валадарства Божае ў вас» (пар. Лк 17, 21). Праз гэта вучыць нас, што калі хтосьці ачысціць сваё сэрца ад усялякіх стварэнняў і ўсялякай неадпаведнай прывязанасці, тады ў сваёй уласнай прыгажосці заўважыць адлюстраванне Божай прыроды.

Здаецца мне таксама, што ў сваім кароткім выказванні Збаўца перадае нам вось такое настаўленне: «Вы ўсе, якія жадаеце ўбачыць сапраўднае Дабро, калі чуеце, што веліч Божая ўзносіцца па-над нябёсамі, што хвала Яго неспасцігальная, невыказная прыгажосць, неахопная і бясконцая прырода, не знеахвочвайцеся з-за таго, што быццам бы не можаце асягнуць таго, чаго жадаеце».

Калі сваім святым жыццём знішчыш тое, што закрывае і знявольвае тваё сэрца, у табе нанова заяснее Божая прыгажосць. Як жалеза, ачышчанае ад іржы, пераліваецца і блішчыць на сонцы, так і духоўны чалавек, якога Госпад называе сэрцам, пасля знішчэння нячыстасці, што ўзнікла з-за неадпаведных паводзінаў, нанова атрымае падабенства да свайго вобразу і крыніцы і станецца добрым.

Чысціня, свабода ад заганаў і пажадлівасці, а таксама пазбяганне ўсялякага зла належаць да Божай прыроды. Калі ўсё гэта ёсць у табе, то несумненна ў табе ёсць Бог. Таму калі тваё сэрца ачышчана ад усялякага беззаконня, вольнае ад усялякай пажадлівасці і заганы, далёкае ад якога-небудзь скажэння, ты шчаслівы дзякуючы яснасці і чысціні позірку, бо ачышчаны позірк бачыць тое, чаго не заўважаюць неачышчаныя вочы.

Св. Рыгор Ніскі