«Бо хвала нашая – гэта сведчанне сумлення нашага» (2 Кар 1, 12). Ёсць людзі, якія легкадумна абмаўляюць, пляткараць, наракаюць, намагаюцца выдумаць тое, чаго не бачаць, і расказваць пра тое, чаго нельга падазраваць. Адносна такіх людзей нам застаецца штосьці іншае, а не сведчанне нашага сумлення. Браты мае! Нават у тых, каму хочам падабацца, мы не шукаем і не павінны шукаць нашай славы. Жадаем толькі дабра тым, хто, наследуючы нас, не заблукае, калі мы будзем адпаведна сябе паводзіць. Калі мы наследуем Хрыста, няхай наследуюць нас, калі ж не наследуем, няхай наследуюць Хрыста. Ён Сам вядзе аўчарню і з усімі добрымі пастырамі стварае адно, бо ўсе яны ёсць у Ім.
Калі ж мы імкнемся дагаджаць людзям, то не шукаем сваёй карысці, але прагнем радавацца з імі, цешыцца з таго, што яны любяць дабро не дзеля нашай хвалы, але сабе на карысць. Тым, хто клапоціцца пра сваю славу, Апостал кажа: «Калі б я і дагэтуль дагаджаў людзям, то не быў бы слугою Хрыста!» (Гал 1, 10). Ім жа сказаў таксама: «Імкніцеся падабацца ўсім ва ўсіх справах, як і я стараюся дагадзіць усім ва ўсім» (пар. 1 Кар 10, 33). Абодва выказванні празрыстыя, абодва спакойныя, абодва чыстыя і беззаганныя. Таму спажывай і пі, але не знішчай пашы і не муці вады.
Чуў таксама словы Госпада нашага Ісуса Хрыста, Настаўніка Апосталаў: «Няхай святло ваша так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах» (Мц 5, 16), гэта значыць таго, які вас такімі ўчыніў. «Мы – народ Ягонай пашы і авечкі рукі Ягонай» (Пс 95, 7). Таму няхай толькі Той, Хто зрабіў цябе добрым, атрымлівае хвалу, калі толькі ты такі; aле не ты сам, бо сам па сабе ты можаш быць толькі дрэнным. Чаму ж ты стараешся змяніць адпаведны парадак рэчаў, шукаючы пахвалы, калі зрабіў штосьці добрае, а калі зробіш штосьці дрэннае, спрабуеш абвінавачваць Госпада? Той жа, Хто сказаў: «Няхай святло ваша так свеціць перад людзьмі» (Мц 5, 16), – сказаў у той самай прамове: «Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі» (Мц 6, 1). Гэтыя словы Евангелля, напэўна, здаюцца табе супярэчлівымі, падобна як у папярэднім выказванні Апостала. Аднак, калі не замуціш вады твайго сэрца, то таксама і ў гэтым месцы заўважыш дасканалую здольнасць Пісання і сам будзеш з ім у згодзе.
Таму, пастараемся, браты, не толькі добра жыць, але таксама добра паводзіць сябе перад людзьмі. Пастараемся мець не толькі чыстае сумленне, але таксама, наколькі дазваляе нашая слабасць і ўсведамленне сваёй немачы, нічога не рабіць з таго, што магло б стаць прычынай падазронасці з боку слабога брата. Маецца на ўвазе тое, каб мы самі, калі будзем піць чыстую ваду і спажываць чыстую траву, не тапталі пашы Бога і каб авечкі не былі вымушаныя пасвіцца на патаптанай пашы і піць мутную ваду.
Св. Аўгустын