10 ліпеня – сьвята вялебнага Антона Пячорскага
Вялебны Антон Пячорскі нарадзіўся ў 983 годзе ў Любечы, што месьціўся на поўнач ад Кіева. У юнацтве ён вырашыў выправіцца на Ўсход, каб бліжэй пазнаёміцца з манаскім жыцьцём. Патрапіў на Афон, дзе пэўны час жыў. Адтуль вярнуўся на Русь і пасяліўся паблізу Кіева ў пячоры. Вёў у пячоры жыцьцё пустэльніка. Вакол яго пачалі гуртавацца іншыя людзі, якія шукалі манаскага жыцьця. З дапамогай іх ён пашырыў пячоры і збудуваў царкву. Калі пабачыў, што манастыр можа існаваць і без яго, выбраў на ігумена Варлама, а пасьля Тэадосія. Сам пасяліўся ў пячоры, дзе пражыў сорак гадоў. У старасьці заснаваў яшчэ адзін манастыр у Чарнігаве. Памёр у Пячорскай лаўры 10 ліпеня 1073 г.