Шчаслівыя, хто меў годнасць запрасіць Госпада ў свой домСловы нашага Госпада Ісуса Хрыста нагадваюць…
Словы нашага Госпада Ісуса Хрыста нагадваюць нам, што ёсць толькі адна мэта, да якой мы ідзем сярод разнастайных спраў гэтага свету. Ідзем як вандроўнікі, а не жыхары, як тыя, хто знаходзіцца ў дарозе, а не каля мэты, як тыя, хто прагне, але яшчэ не мае. Аднак ідзем старанна і вытрывала, каб калі-небудзь дайсці да мэты.
Марта і Марыя былі сёстрамі. Яднала іх не толькі сваяцтва, але таксама пабожнасць. Абедзве былі адданыя Богу, абедзьве ахвотна служылі Госпаду, Які прабываў у целе. Марыя прыняла Яго так, як звычайна прымалі падарожных. Аднак на самай справе, слуга прыняла Госпада, хворая – Лекара, стварэнне – Стварыцеля. Тая, якая павінна была атрымаць духоўную ежу, прыняла, каб прапанаваць ежу для цела. Госпад пажадаў прыняць постаць слугі і ў гэтай постаці – не па неабходнасці, але паводле сваёй ласкі – прымаў пасілак, прыгатаваны Яму слугамі, бо прыняцце пасілку таксама было ласкай. Як чалавек Ён адчуваў голад і смагу.
Госпад быў прыняты як падарожнік, які прыйшоў да сваіх, і свае Яго не прынялі, а тым, хто прыняў Яго, даў уладу стаць Божымі дзецьмі (пар. Ян 1, 11-12). Дазволіў нявольнікам быць разам з Сабою і ўчыніў іх братамі; выкупіў вязняў і зрабіў іх суспадкаемцамі. Але ніхто з вас няхай не кажа: «Якія ж шчаслівыя тыя, хто меў шчасце прыняць Хрыста ў сваім доме!» Не сумуй і не наракай, што жывеш у часы, калі ўжо не можаш убачыць Госпада ў целе. Ён не пазбавіў цябе гэтага прывілею: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40).
Дарэчы, Марта, шчаслівая праз сваё хвалебнае служэнне, дазволь, што скажу табе: просіш адпачынку як узнагароду за сваю працу. Цяпер ты занятая многімі паслугамі – хочаш падмацаваць смяротныя, хоць святыя целы. Але хутка прыбудзеш ужо ў айчыну. Ці сустрэнеш там вандроўнага, каб прыняць яго? Ці сустрэнеш галоднага, каб накарміць яго? Спраглага, каб напаіць яго? Хворага, каб адведаць яго? Раз’яднаных, каб паяднаць? Памерлага, каб пахаваць?
У айчыне ўжо ўсяго гэтага не будзе. А што будзе? Тое, што выбрала Марыя: там будзем насычаныя і не будзем сілкавацца. Тое, што Марыя выбрала тут, там будзе дасканалым і поўным. Тут з застаўленага стала яна збірала крышынкі Божага слова. Хочаш ведаць, як будзе ў небе? Вось жа сам Госпад кажа пра сваіх слугаў: «Сапраўды кажу вам, што ён падпяражацца і пасадзіць іх і, падышоўшы, пачне служыць ім» (Лк 12, 37).
Св. Аўгустын