Блаславёныя пакутнікі, адважныя сьведкі Хрыстовыя, Антоні і Юры, адгукнуліся вы ўсёй душой на заклік Божы, на патрэбы і гора людзей, прыня́ўшы сьмерць у духу любові разам з братамі ў Росіцы. Праз вас Міласэрны Бог зрабіўся прысутным у цярпеньнях шматлікіх ахвяраў вайны. Вы сталіся прыкладам сапраўднай хрысьціянскай пакоры, нязломнай веры і вялікай любові. Таму на вас спадзяемся і надзею маем дасягнуць жыцьця вечнага вашымі малітвамі. І Хрысту Госпаду, які праз вас праславіўся, сьпяваем песьню ўсхваленьня:
“Алілуя”
+ + +
НА ГРЭКА-КАТАЛІЦКАЙ ЛІТУРГІІ:
ТРАПАР (тон 3). Блаславёныя пакутнікі, агнём Любові Хрыстовай запаленыя, не пабаяліся вы агню зямнога; пастырскай руплівасьцю палаючы, перамаглі лютасьць ваўкоў пякельных і д’ябла без здабычы пакінулі. Антоні і Юры, маліце Пастыра пастыраў — Хрыста,— каб Ён збавіў душы нашыя.
КАНДАК (тон 3). Зышоўшыся сёньня, славім у песьнях вас, сьвятапакутнікі, што клікалі ўсіх да вышыняў набожнасьці і, быццам промні нязгаснага сонца духоўнага, прасьвятлілі тых, хто знаходзіўся ў цемры неразуменьня. Дзеля гэтага ўсклікаем: Радуйцеся, сьвятары Хрыстовыя, што пралілі кроў за Яго.
ПРАКІМЕН (Пс 115:6,3) Дарагая ў вачох Госпада сьмерць сьвятых Яго.
Верш: Чым адплачу Госпаду за ўсе дабрадзействы Яго?
АПОСТАЛ (Габ 13,7-16) Браты! Памятайце пра настаўнікаў вашых, якія абвяшчалі вам Слова Божае і, сочачы за ходам іхняга жыцьця, будзьце іхнімі пераймальнікамі ў веры. Ісус Хрыстос Той самы ўчора, сёньня і навекі. Не дайцеся зьвесціся рознымі чужымі вучэньнямі. Найлепш бо мацаваць сэрца ласкаю, а ня ежаю, якая не дапамагла тым, што ганяюцца за ёю. Маем алтар, зь якога ня маюць права есьці тыя, што паслугоўваюць у скініі. Целы бо тых жывёлін, кроў якіх за грахі прыносіцца першасьвятаром у (месца) Сьвятое, паляцца за табарам. Таму і Ісус, каб усьвяціць народ Сваёй Крывёй, быў замучаны за брамаю (горада). Дык выйдзьма і мы да Яго з табара, пераносячы разам зь Ім зьдзекі, бо ня маем тут трывалага горада, але шукаем будучага. Дык празь Яго заўсёды складайма ахвяру хвалы Богу, гэта значыць плод вуснаў, што праслаўляюць Ягонае імя. Не забудзьцеся пра дабрадзейнасьць і супольнасць, такія бо ахвяры мілыя Богу.
АЛІЛУЯ (Пс 131:9,13). Сьвятары Твае, Госпадзе, апрануцца ў справядлівасьць і сьвятыя Твае ў радасьці жыць будуць.
Верш. Бо Госпад выбраў Сыён, захацеў яго мець жыльлём сабе.
ЕВАНГЕЛЬЛЕ (Ян 10,9-16) Госпад сказаў: Я – дзьверы. Калі хто празь Мяне ўвойдзе, будзе збаўлены; і ўвойдзе, і выйдзе, ды знойдзе пашу. Злодзей не прыходзіць інакш, каб толькі красьці, забіваць і губіць. Я ж прыйшоў, каб мелі жыцьцё і мелі ўдосталь. Я – Пастыр добры. Добры Пастыр жыцьцё аддае за сваіх авечак. Але найміт ды той, хто ня пастыр, да каго не належаць авечкі, калі бачыць надбягаючага ваўка, кідае авечак ды ўцякае, а воўк хапае і разганяе авечак. Найміт жа ўцякае, бо ён – найміт, і ня рупіцца пра авечак. Я – добры Пастыр і ведаю Сваіх, і яны Мяне ведаюць, як ведае Мяне Айцец, а Я ведаю Айца; і жыцьцё Маё аддаю за авечак. Ды і іншых маю, якія ня з гэтай аўчарні, і тых мушу прывесьці, і будуць яны слухаць голасу Майго, і станецца адзін статак і адзін Пастыр.