Чаканне новай зямліМы не ведаем часу, калі скончыцца зямля і чалавецтва, не ведаем таксама, якім чын…

Чаканне новай зямлі

Мы не ведаем часу, калі скончыцца зямля і чалавецтва, не ведаем таксама, якім чынам будзе зменены свет. Прамінае вобраз гэтага свету, скажоны грахом, але мы ведаем, што Бог рыхтуе новае жыллё і новую зямлю, у якой жыве справядлівасць, і шчасце якой заспакоіць і пераўзыдзе ўсякія жаданні спакою, што гараць у людскіх сэрцах. Тады, пасля перамогі над смерцю, Божыя дзеці ўваскрэснуць у Хрысце, і тое, што было пасеяна ў слабасці і тленнасці, апранецца ў нятленнасць. А паколькі будзе трываць любоў і яе справа, усё тое стварэнне, якое Бог учыніў для чалавека, будзе вызвалена з няволі тленнасці.

Сапраўды, мы пераконваемся, што чалавеку не будзе ніякай карысці, калі ён здабудзе ўвесь свет, а страціць самога сябе. Аднак чаканне новай зямлі не павінна слабець, а хутчэй павінна заахвочваць да руплівай працы на той зямлі, дзе ўзрастае цела новай чалавечай сям’і, якое можа даць пэўнае ўяўленне новага свету. Таму, хоць і трэба старанна адрозніваць зямны прагрэс ад росту Хрыстовага Валадарства, аднак для Божага Валадарства не абыякава, наколькі гэты прагрэс можа паспрыяць лепшаму ўладкаванню чалавечай супольнасці. Бо калі мы на зямлі будзем прапагандаваць у духу Госпада і паводле Яго даручэння чалавечую годнасць, братэрскую еднасць і свабоду, гэта значыць усе даброты прыроды і плён нашага клопату, то пасля знойдзем гэта нанова, але ачышчанае ад усялякага бруду, асветленае і перамененае, калі Хрыстос аддасць Айцу «вечнае і паўсюднае валадарства: валадарства праўды і жыцця, валадарства святасці і ласкі, валадарства справядлівасці, любові і спакою». На гэтай зямлі Валадарства ўжо таямніча прысутнічае, а споўніцца з прыйсцем Госпада.

Пастырская канстытуцыя пра Царкву ў сучасным свеце «Gaudium et spes» Другога Ватыканскага Сабора, 39