Калі іншыя заблукаюць, яны змогуць вярнуцца праз вашую паслугу; калі ж вы ўпадзеце, то іншых пацягнеце да згубы. Таму, чым большае даручаецца вам заданне, тым большай павінна быць вашая руплівасць. Таму кажа: «Калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдасца, хіба што выкінуць яе вон на патаптанне людзям» (Мц 5, 13).
Але каб вучні, калі пачуюць словы: «Будуць вас зневажаць, пераследаваць і ўсяляк зласловіць несправядліва» (Мц 5, 11), не баяліся выканаць даручанае ім, кажа, што, калі вы не гатовыя прыняць усё гэта, то Я дарма вас выбраў. Выпрабаванні несумненна будуць, аднак, яны не прынясуць вам шкоду, але толькі засведчаць пра вашую вытрываласць. Калі ж вы спалохаецеся і не будзеце адпаведна адданымі, значна больш пацерпіце; увесь свет вас сурова асудзіць і ўсе пагардзяць вамі. Гэта менавіта азначае патаптанне ўсімі.
Св. Ян Залатавусны