Міласэрны Божа і ласкавы Госпадзе, прывядзі мяне да гэтай крыніцы, каб разам з усімі, хто Цябе прагне, я мог чэрпаць з жыццядайнай крыніцы жывой вады. Каб я, ахоплены незвычайнай слодыччу, штораз мацней трымаўся гэтай крыніцы і казаў: «Якая ж салодкая крыніца жывой вады, у якой заўсёды хапае вады, “якая цячэ ў жыццё вечнае”».
О Госпадзе, Ты – тая крыніца, якой мы заўсёды прагнем, з якой заўсёды можам і павінны чэрпаць. Госпадзе Ісусе Хрысце, заўсёды давай нам гэтую ваду, каб яна станавілася ў нас таксама крыніцай жывой вады, «якая цячэ ў жыццё вечнае». Хто ж не бачыць, наколькі вялікая ласка, аб якой мы просім? Аднак Ты, о Кароль славы, умееш даваць вялікія рэчы і вялікія рэчы абяцаў. Няма нікога большага за Цябе, а Ты даў нам Сябе і за нас Сябе выдаў.
Таму просім Цябе, дазволь нам пазнаць тое, што мы любім, бо нічога не хочам мець па-за Табою. Ты для нас – усё: нашае жыццё, святло, збаўленне, спажытак, напой і наш Бог.
Просім Цябе, наш Ісусе, напоўні нашыя сэрцы натхненнем Твайго Духа, зрань нашую душу сваёй любоўю, каб кожная душа магла з усёй шчырасцю сказаць: «Пакажы мне, каго палюбіла мая душа», бо яна паранена любоўю.
Прагну, каб гэтыя раны былі ўва мне, о Госпадзе. Шчаслівая душа, якая так зранена любоўю. Яна шукае крыніцы і п’е, аднак, п’ючы, няспынна прагне, няспынна церпіць, прагнучы таго, што заўсёды п’е. Так любячы, пастаянна шукае таго, хто аздараўляе, калі зраніў. Няхай толькі пажадае зраніць нашую душу сваёй збавеннай ранай Бог і Госпад наш Ісус Хрыстос, міласэрны і збавенны лекар, Якому з Айцом і Духам Святым еднасць на вякі вякоў. Амін.
Св. Калумбан