Слоў Божых з пакораю трэба слухаць; шмат такіх, што ня ведаюць іх вартасьці1. Слухай сыне, слоў Маіх…

Слоў Божых з пакораю трэба слухаць; шмат такіх, што ня ведаюць іх вартасьці

1. Слухай сыне, слоў Маіх, слоў найсалодшых, вялікшых за ўсю ўмеласьць філёзафаў і мудрацоў гэтага сьвету.

Словы Мае — гэта дух і жыцьцё (Ян 6, 63), і ня можа іх мерыць розум чалавека.

Ня трэба імі карыстацца дзеля марнае ўспадобы, а моўчкі ўслухацца і прымаць іх з вялікаю пакораю ды любоўю.

2. І сказаў я: бласлаўлёны, каторага Ты, Пане, наставіш на дарогу і навучыш яго закону Твайго і гэтым адвядзеш яго ад злога (Пс 93, 12–13), і ня будзе апушчаны на зямлі.

3. Я — кажа Пан — навучыў Прарокаў ад пачатку і аж дагэтуль не перастаю гаварыць да ўсіх, але многа ёсьць глухіх і нячуткіх на голас Мой.

Многа ёсьць такіх, каторыя ахватней слухаюць сьвету, як Бога, і лягчэй ідуць за пажадлівасьцяй свайго цела, як за воляй Божай.

Сьвет прыракае рэчы дробныя і мінаючыя, а служаць яму з вялікай ахвотай; Я прыракаю рэчы бязьмерныя і вечныя, а сэрцы сьмяротных астаюцца незакранутыя.

Хто ж служыць Мне гэтак ахвотна ва ўсім і паслухмяна гэтак, як служаць сьвету ды паном яго?

Засаромся Сыдон, бо гаворыць мора (Іс 23, 4); калі хочаш прычыну ведаць — вось паўслухайся.

Дзеля марнае карысьці чалавек увесь сьвет абойдзе, а дзеля вечнага жыцьця часта і пальцам не зварухне.

Гоняцца за марнай заплатай; за адзін грош бясстыдна вядуць спорку; дзеля бязвартаснае рэчы, дзеля малой надзеі — не палохаюцца працаваць у дзень і ў ночы.

4. Ах, сорам які! Дзеля дабра вечнатрывалага, дзеля нагароды бясцэннае, дзеля славы найвялікшае — лянуюцца ды палохаюцца найменшае працы.

Дык чырваней, лянівы і згрызотлівы, што іншыя ахватней працуюць на сваю загубу, чымся ты працуеш для вечнага жыцьця, што іншыя больш радуюцца з марнаты, чымся ты з праўды.

Аднак так часта абманваюцца яны ў надзеях сваіх; Маё ж абяцаньне нікога не ашуквае, і не адойдзе з парожнымі рукамі той, хто паверыць Мне.

Што прырок — тое дам; што сказаў — тое споўню, калі толькі хто да канца вытрывае верна ў любові Маей.

Я шчодра нагароджваю добрых і спробамі вялікімі ўзмацняю пабожных.

5. Запішы словы Мае ў сэрцы сваім і добра іх разваж, бо надта патрэбнымі табе яны будуць у хвіліну пакусы.

Чаго ня цяміш чытаючы, сьцяміш тады, калі цябе адведаю.

Двайным спосабам адведваю Я выбранцаў сваіх — гэта значыць: пакусаю і пацехаю.

І дзьве навукі даю ім штодзень: адну — ганячы іхнія праступкі, другую — клічучы іх да штораз большых цнотаў.

Хто Мае словы мае ды іх адкідае, той мае судзьдзю, што ў апошні дзень асудзіць яго (Ян 12, 48).

Тамаш Кемпійскі. Аб наследаванні Хрыста 3, 3