Памятаць пра св. Ніла вельмі карысна, таму што ён з’яўляецца выразнікам цэлай эпохі – візантыйскай паўднёвай Італіі. Калі Італія з’яўляецца для вас крэпасцю рымскага каталіцтва і рэзідэнцыяй Папы, то карысна ведаць, што прыкладна паўтысячагоддзя паўднёвая Італія была тэрыторыяй Візантыі. Таму грэкі, уцякаючы ад іканаборства або ўварвання мусульман, накіроўваліся пераважна ў Калабрыю. Да нашых дзён у Італіі захаваўся шэраг помнікаў візантыйскай архітэктуры, у тым ліку заснаваны Нілам каля Рыма манастыр Гротаферата.
Ніл заснаваў гэты манастыр прыкладна ва ўзросце 90 гадоў (у 1004 г.) і пражыў там усяго адзін год. Аднак заснаваны ім «стыль» манаства дазволіў манастыру заставацца важным візантыйскім цэнтрам нават тады, калі пасля нармандскага заваявання ўсе іншыя манастыры ў рэгіёне заняпалі.