Чаму мы блытаемся ў думках і задумваемся, аб чым мы павінны маліцца, баючыся, што мы не молімся так,…

Чаму мы блытаемся ў думках і задумваемся, аб чым мы павінны маліцца, баючыся, што мы не молімся так, як трэба? Чаму не ўсклікаем словамі псальма: «Аднаго я прашу ў Госпада і толькі гэтага жадаю, каб жыць мне ў доме Госпада ва ўсе дні жыцця майго. Каб сузіраць хараство Госпада і наведваць Яго святыню» (Пс 27, 4). Там усе дні становяцца адным, не прыходзяць і не адыходзяць, і не пачынаецца адзін, калі заканчваецца другі; усе трываюць бясконца разам, а жыццё, да якога належаць, не мае канца.

Каб толькі мы маглі дасягнуць гэтага шчаслівага жыцця. Жыцця, якое сталася целам, навучыла нас маліцца. Не ў шматслоўі, нібы слуханне залежала ад нашага шматслоўя. Мы молімся да таго, хто, – як кажа Госпад, – ведае, што нам патрэбна, перш чым мы папросім (пар. Мц 6, 7-8).

Мы маглі б здзіўляцца, чаму да малітвы нас заахвочвае Той, Хто ведае нашыя просьбы, перш, чым мы папросім Яго, калі б мы не памяталі, што наш Бог і Госпад не хоча такім чынам даведацца пра нашыя патрэбы, бо дасканала іх ведае, але праз малітву хоча ажывіць нашае жаданне, каб мы ўмелі прыняць тое, што Ён пажадаў нам даць. Чаму Святое Пісанне кажа нам: «Адкрыйцеся і вы. Не хадзіце пад чужым ярмом з няверуючымі!» (пар. 2 Кар 6, 13-14).

Гэты вялікі дар, якога «вока не бачыла», бо ён не мае колеру, «і вуха не чула», бо ён не з’яўляецца гукам, «і не спазнала сэрца чалавека» (пар. 1 Кар 2, 9), бо менавіта сэрца чалавека павінна туды ўвайсці, мы прымем яго больш плённа, калі нашая вера будзе больш моцнай, нашая надзея больш непахіснай, а жаданне больш гарачым.

У гэтай веры, надзеі і любові мы няспынна молімся з непагасным жаданнем. Аднак у вызначаных гадзінах і абставінах мы таксама словамі звяртаемся да Бога, каб праз пасрэдніцтва гэтых знакаў нагадаць самім сабе, наколькі мы ўзраслі ў святым жаданні, і каб яшчэ больш заахвоціць нас памнажаць яго. Чым больш жывым будзе жаданне, тым большы будзе плён. Таму словы Апостала: «Няспынна маліцеся» (1 Тэс 5, 17) азначаюць не што іншае, як няспыннае жаданне атрымаць шчаслівае жыццё ад таго, хто можа яго даць. Бо не можа быць шчаслівага жыцця па-за вечным.

Св. Аўгустын