Смерць не была ўласціва прыродзе, такой яна стала пасля. На пачатку Бог не паслаў смерць, але даў яе…

Смерць не была ўласціва прыродзе, такой яна стала пасля. На пачатку Бог не паслаў смерць, але даў яе як лек. Пасля ўпадку жыццё чалавека стала поўным цяжкасцяў і працы і сапраўды напоўнілася смуткам. Таму трэба было пакласці канец няшчасцям, каб смерць аддала назад тое, што згубіла жыццё. Без дапамогі ласкі несмяротнасць становіцца хутчэй цяжарам, а не перавагай.

Таму душа атрымала магчымасць выйсці з лабірынта жыцця, з пылу цела і ісці да той супольнасці ў небе, хоць гэта магчыма толькі для святых. Можа спяваць хвалу Богу, якую, як даведваемся з прароцкіх выказванняў, спяваюць тыя, хто грае на нябесных цытрах: «Вялікія і цудоўныя справы Твае, Госпадзе Божа ўсемагутны. Справядлівыя і праўдзівыя шляхі Твае, Валадару народаў! Хто ж не будзе баяцца, Госпадзе, і не праславіць імені Твайго? Таму што Ты адзін Святы, таму што ўсе народы прыйдуць і паклоняцца перад Табою» (Адкр 15, 3-4).

Св. Амброзій Медыяланскі