Калі паводле словаў нашага Госпада і Збаўцы Божае Валадарства прыходзіць незаўважна, і нельга сказаць, што яно тут ці там, але Божае Валадарства ў нас, бо «блізка да цябе слова, на вуснах тваіх і ў сэрцы тваім» (Рым 10, 8), то несумненна той, хто моліцца аб яго прыйсці, просіць, каб валадарства, якое ёсць у ім, развівалася, прыносіла плён і спаўнялася. Таму што Бог валадарыць у кожным са святых, і кожны з іх паслухмяны духоўным наказам Бога. У такім чалавеку Бог жыве нібы ў добра ўпарадкаваным месцы. У ім прысутнічае Айцец, а разам з Айцом у душы больш дасканала валадарыць Хрыстос, згодна са словамі: «Прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго» (Ян 14, 23).
Тое Божае Валадарства, якое ў нас, паводле нашага няспыннага развіцця дасягне даскналасці, калі споўняцца словы Апостала, што Хрыстос, перамогшы ўсіх сваіх ворагаў, «перадасць Валадарства Богу і Айцу, каб Бог быў усё ва ўсім» (1 Кар 15, 24. 28). Таму будзем няспынна маліцца з сэрцам, перамененым дзякуючы Слову, і казаць нашаму Айцу, які ёсць у небе: «Свяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё (Мц 6, 9-10).
Што датычыць самога Божага Валадарства, трэба памятаць, што справядлівасць не мае нічога супольнага з беззаконнем, як няма нічога «агульнага паміж святлом ды цемраю» і «паміж Хрыстом і Бэліарам» (2 Кар 6, 14-15). Так і Валадарства Божае не мае нічога супольнага з Валадарствам граху.
Арыген