Як і дом, калі не жыве ў ім гаспадар, становіцца змрочным, занядбаным і знішчаным, напаўняецца бруда…

Як і дом, калі не жыве ў ім гаспадар, становіцца змрочным, занядбаным і знішчаным, напаўняецца брудам і пылам, так і душа, пакінутая Госпадам, Які быў у ёй з хорамі анёлаў, напаўняецца цемраю граху, брудам пажадлівасці і ўсялякай брыдоты.

Гора дарозе, па якой ніхто не ходзіць і не чутны на ёй голас чалавека, бо становіцца яна схованкай для дзікіх звяроў. Гора душы, калі Госпад не прагульваецца па ёй, калі Яго голас не адганяе злых пачвараў духоўнай разбэшчанасці і хітрасці! Гора дому, калі ў ім не жыве ўладальнік! Гора зямлі, калі не стане земляроба, які даглядае яе! Гора караблю, калі ў яго няма стырнавога, бо, калі кідаюць яго хвалі і буры, ён напэўна патоне. Гора душы, калі яна не мае сапраўднага Стырнавога, Хрыста! Ахопленая цемраю ўспененага мора, калі кідаюць яе хвалі пажадлівасці, устрасаюць нячыстыя духі, нібы гвалтоўнай бурай, яна ўрэшце зусім прападзе.

Гора душы, калі не будзе ў ёй Хрыста, Які б старанна яе даглядаў, каб яна магла прынесці спелыя плады духа, бо пакінутая, поўная цярніны і пустазелля, замест таго, каб прыносіць плён, будзе спаленая і знікне. Гора душы, у якой не жыве Хрыстос! Пакінутая, яна дае непрыемны пах пажадлівасці і становіцца прыстанішчам заганаў.

Падобна, як земляроб, выходзячы на працу, бярэ з сабою адпаведныя прылады і вопратку, так і Хрыстос Валадар, нябесны і сапраўдны земляроб, прыходзячы да спустошанага заганамі чалавецтва, прыняў цела, узяў крыж нібы прыладу і апрацоўваў пакінутую душу; вырываў з яе цярніну і пустазелле злых духаў, выкараняў каласоўнік зла і спальваў усё быллё няпраўды. Так, працуючы дрэвам крыжа, Ён заклаў цудоўны сад Духа, такі сад, які прыносіць Богу як свайму Госпаду ўсялякія гатункі салодкіх і прыемных пладоў.

Св. Макар, біскуп Ерусалімскі