Тры мудрацы з Усходу прынеслі нованароджанаму Божаму Дзіцяці свае дары: золата, ладан і міра. У гэтых дарах Святыя Айцы заўсёды бачылі прарочае абвяшчэнне місіі Хрыста і Яго богачалавечай прыроды.
Вось як, напрыклад, разважае свяціцель Ілля Міняцій Кефаланіцкі: «Вешчуны, прыйшоўшы і ўбачыўшы Божае Дзіцятка з Марыяй, Маці Яго, з глыбокай павагай упалі і пакланіліся, адкрылі свае скарбы і прынеслі Яму дары: золата, ладан і міра. Кіруючыся Божым промыслам, яны вызнавалі ў Яго асобе: праз золата — Уладара, праз ладан — Бога, праз міра — смяротнага Чалавека».
У тэкстах Мінэі ў Навячэр’е Нараджэння Хрыстова Царква моліцца, разважаючы пра тое, як не толькі мудрацы з Усходу, але і ўсё стварэнне скіроўвае свае крокі да Нованароджанага Дзіцятка, прыносячы Яму свае дары: «Стварэнне радасна вітае Бога ў целе, прыносячы дары Дзіцяці: анёлы — спеў, неба — зорку, мудрацы — золата, ладан і смірну, пастухі — захапленне, зямля — пячору, пустыня — яслі, чалавецтва — Маці Дзеву».
Набліжаючыся крок за крокам да калядных ясляў, мы, напэўна, таксама спантанна пытаемся ў сябе: што я прынясу Ісусу, якія дары пакладу да Яго ног?
Добрую падказку на гэты конт дае нам Жан-Рамэн Фрыш у сваёй кнізе «39 слоў падбадзёрвання»: «Золата, якое мы прыносім, наша «золата» — гэта, вядома, не матэрыяльная маёмасць, а наша чалавечае багацце, таленты, якія Госпад уклаў у нас і якія мы стараліся памножыць (гл. Мц. 25, 14-30). Не забываючыся таксама пра нашу ўбогасць, нашу беднасць, нашыя слабасці, нашую патрэбу ў адкупленні, прабачэнні… Вось наша золата.
А што такое наш «ладан»? Гэта пакорны пах нашай малітвы праслаўлення, просьбы, даверлівай і нязмушанай, просьбы маленькіх і ўбогіх, якімі мы ўсе з’яўляемся перад Богам.
А наша міра? Міра – гэта бальзам, які атрымліваюць з горкага кораня. Мы таксама прыходзім са сваімі шкадаваннямі, расчараваннямі, адчаем – усім, што пакінула ў нашым жыцці горыч. І гэты горыч Ісус ператворыць у бальзам, які супакойвае, прыносіць палёгку, ацаляе моцай сваёй любові. Бо Ён бачыць глыбіню нашых сэрцаў, наша жаданне міру, радасці, шчасця і жадае іх выканаць.
Ісус прыме золата нашых талентаў і нашага ўбоства, ладан нашай малітвы і міра нашых пакутаў; Ён ацэніць іх значна вышэй за багатыя дары мудрацоў. У рэшце рэшт, мы аддаём Яму сваё жыццё такім, якое яно ёсць, без упрыгожвання і прыгожай абгорткі, ва ўсёй яго праўдзе ценю і святла. І верым, што нішто не можа быць больш каштоўным у Яго вачах, што кожнае наша ўбогае жыццё вартуе для Яго значна больш, чым прыгожыя падарункі мудрацоў».
Малітва.
Ісусе мілы, мы не багатыя
Золата, дары не можам даці
Але дар каштоўны нясем ад міру,
То вера сэрца, то любоў шчырая.
Ул. Багдан Дзюрах