Ева была зведзена мовай анёла, адступілася ад Бога і пайшла насуперак Ягонаму слову. Марыі ж было аб…

Ева была зведзена мовай анёла, адступілася ад Бога і пайшла насуперак Ягонаму слову. Марыі ж было абвешчана праз мову анёла, і яна зачала Бога, паслухмяная Яго слову. Першая была схілена да непаслухмянасці Богу, а другая – да паслухмянасці Яму. Такім чынам Дзева Марыя стала заступніцай дзевы Евы.

Сабраўшы ў сабе ўсё, Хрыстос стаў на чале ўсяго і абвясціў вайну супраць ворага нашага, і разбіў таго, хто праз Адама калісьці ўзяў нас у няволю, і раструшчыў яму галаву. Гэтак і напісана ў кнізе Быцця, калі Бог сказаў змею: «Устанаўлю варожасць паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж патомствам тваім, і паміж яе патомствам. Ён раструшчыць табе галаву, а ты раструшчыш яго пяту» (пар. Быц 3, 15).

Так было прадказана, што з жанчыны Дзевы павінен нарадзіцца на падабенства Адама той, хто раструшчыць галаву змея. І гэта той нашчадак, пра якога кажа Апостал у пасланні да Галатаў: «Закон быў устаноўлены з прычыны злачынстваў, пакуль не прыйдзе нашчадак, якому было дадзена абяцанне» (пар. Гал 3, 19).

Больш выразна св. Павел паказвае гэта ў тым самым пасланні, кажучы: «Калі надышла паўната часу, паслаў Бог Сына свайго, народжанага ад жанчыны» (Гал 4, 4). Вораг не быў бы пераможаны справядліва, калі б чалавек, які яго пераможа, не нарадзіўся ад жанчыны, бо ў пачатку вораг запанаваў над чалавекам праз жанчыну, паставіўшы сябе супраць чалавека.

Дзеля гэтага Госпад і называе самога сябе Сынам Чалавечым, змяшчаючы ў самім сабе таго першага чалавека, з якога паходзіць жанчына, а ад яе – чалавецтва. Як праз перамогу над чалавекам наш род сышоў да смерці, так зноў праз перамогу чалавека мы ўзыдзем да жыцця.

Св. Ірыней Ліёнскі