Частка I
ДЗЕНЬ І (14 снежня) – Ікас 1
Князь анёлаў быў пасланы з неба сказаць Багародзіцы «Радуйся». Убачыўшы, як Ты, Госпадзе, прыняў цела ад Яе, калі яшчэ ня сьціх бесьцялесны гук ягоных словаў, ён сумеўся і ўсклікнуў:
Радуйся, бо дзякуючы Табе радасьць зазьзяе!
Радуйся, бо праз Цябе згіне праклён!
Радуйся, Узьняцьце з падзеньня Адама!
Радуйся, Вызваленьне Эвы ад сьлёзаў!
Радуйся, недасяжная Вышыня думак людзкіх!
Радуйся, Глыбіня непранікальная нават для анёлаў!
Радуйся, Пасад Уладара!
Радуйся, Носьбітка Таго, Хто носіць усё!
Радуйся, Зорка, праз якую сонца зазьзяла!
Радуйся, Улоньне Божага ўцелаўленьня!
Радуйся, бо праз Цябе абнаўляецца ўсё стварэньне!
Радуйся, бо праз Цябе пакланяемся Творцы!
* Радуйся, Дзева Маці!
Кандак 2
Ведаючы сваё чыстае дзявоцтва, сьвятая сьмела адказвае Габрыэлю: «Дзіўнымі і цяжкімі да ўспрыняцьця для душы маёй здаюцца словы твае: што гэта ты кажаш мне пра нараджэньне бяз семя зачатага і клічаш: Алілуя!»