#НасустрачРаству. Хрыстос нясе сапраўдны мірРаптам з анёлам з’явілася вялікае войска нябеснае, якое …

#НасустрачРаству. Хрыстос нясе сапраўдны мір

Раптам з анёлам з’явілася вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі». (Лк. 2, 13-14)

Добрая вестка Гасподняга Анёла пра нараджэнне Збавіцеля падхоплівае «вялікае войска нябеснае», якое спявае: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі!», і так у полі каля Бэтлеему закладаецца Боская Літургія, у якой яднаюцца «вышыні» і «нізы», неба і зямля, а галоўныя матывы гэтай Літургіі — Божая слава і мір для людзей, якія спадабаліся Госпаду.

Важна адзначыць, што анёлы ў сваім спеве звязваюць Божую хвалу ў небе, «на вышынях», са спакоем людзей тут, «на зямлі». У Нараджэнні Хрыстовым, а дакладней – у самой асобе Уцелаўлёнага Сына Божага здзейснілася яднанне і аб’яўленне гэтых дзвюх Боскіх рэчаіснасцей, аспяваных Анёламі: у Хрысце Ісусе Бог праславіўся ў чалавечым целе (гл. Ян. 13, 31; 17, 4) і людзям быў дадзены Божы спакой (гл. Эф. 2, 14; Флп. 4, 7). Тая самая слава Гасподняя, якая заззяла ў яслях і аб’явілася ў Хрысце Ісусе, цяпер агарнула пастухоў і будзе пашырацца па свеце, даруючы Божы людзям спакой і Божую ласку.

Гасподняя слава «на вышынях» і спакой паміж людзьмі тут, на зямлі, узаемна вызначаюць і абумоўліваюць сябе. Там, дзе сярод народу пашыраецца Божая слава, дзе шануецца Божая воля і Яго святы закон, там абавязкова настае Гасподні мір. Таму што мір на біблейскай мове азначае нешта значна большае, чым проста адсутнасць канфліктаў ці правільна арганізаваны грамадскі парадак. Спакой, пра які кажа Божае Слова і якога прагне кожны чалавек, гэта – стан прымірэння з Богам, з бліжнімі і з самімі сабой у глыбіні нашай істоты. У канчатковым выніку спакой — гэта Божы дар для тых, хто ахвотна прымае яго і падпарадкоўваецца Гасподняй волі. Паказальна, што Пс. 29 пачынаецца заклікам: “Прыносьце Госпаду, сыны Божыя, прыносьце Госпаду хвалу і магутнасць” (Пс. 29, 1), а заканчваецца абяцаннем-запэўненнем: “Госпад дасць сілу Свайму народу, Госпад дасць блаславенне народу Свайму ў супакоі.” (Пс. 29, 11)

Хрыстос абвяшчае мір і адначасова нясе яго кожнаму чалавеку, кожнаму народу і ўсяму чалавецтву. Праз свой крыж Ён прымірае чалавека з Богам і тым самым дае чалавецтву і чалавеку мір, які свет не можа ані даць, ані гарантаваць: “Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца.” (Ян. 14, 27)

Малітва. Госпадзе Ісусе, Князь міру! Да Цябе прыбягаю цяпер і з глыбіні душы прашу ў Цябе міру: міру для нашай зямлі, для нашага народу, міру ў нашых сем’ях, міру ў нашых душах і сэрцах. З’яві над нашай зямлёю святло Тваёй славы! Дай нам, Госпадзе, свой мір, сваю любоў, сваё блаславенне, каб мы Табе служылі і праслаўлялі Цябе на вякі вякоў. Амін.

Ул. Багдан Дзюрах