Ці гатовыя мы, сучасныя хрысціяне, з такой жа руплівасцю пакінуць зону ўласнага камфорту, часам літаральна ўстаючы са сваёй канапы, і вырушыць у гэтыя калядныя дні насустрач Госпаду, у Дом Хлеба, у свае храмы на калядныя богаслужэнні? Ці будзем мы дастаткова чуйнымі, каб пераадолець уласны эгаізм, ляноту і інертнасць і пайсці за заклікам сумлення туды, дзе для нас прыгатаваны стол вечнага жыцця ў Хрысце Ісусе?
Малітва. “Пойдзем у Бэтлеем!” (Лк. 2, 15) – так сказалі і зрабілі пастухі. Таму і мы, Госпадзе, хочам ісці ў Бэтлеем. Нават сёння дарога ідзе пад гору: трэба пераадолець вяршыню эгаізму, нельга скаціцца ў даліны свецкасці і спажывецтва. Я таксама хачу дайсці да Бэтлеему, Госпадзе, бо Ты чакаеш на мяне там. І хачу нанава ўсвядоміць сабе, што Ты, пакладзены ў яслях, — Хлеб майго жыцця. Вазьмі мяне на свае плечы, Добры Пастыр, каб дзякуючы Тваёй любові да мяне я мог любіць і падтрымліваць сваёй рукой маіх братоў. Божае Нараджэнне будзе тады, калі я змагу сказаць Табе: «Госпадзе, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе» (Ян. 21, 17). Амін. (Малітва Папы Францішка).
Ул. Багдан Дзюрах