7-мы і 8-мы дзень на шляху да Божага Нараджэння з АКАФІСТАМ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ БАГАРОДЗІЦЫ,Частка ІIIДЗЕНЬ…

7-мы і 8-мы дзень на шляху да Божага Нараджэння з АКАФІСТАМ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ БАГАРОДЗІЦЫ,
Частка ІII

ДЗЕНЬ VII (20 снежня) – Ікас 7
Творца зьявіўся і паказаў нам, стварэньням сваім, новы твор: Ён выйшаў з бясьсеменнага ўлоньня Дзевы, захаваўшы Яе непарушнаю, каб мы, бачачы гэты цуд, уславілі Яе:

Радуйся, Кветка нятленнасьці!
Радуйся, Вянец устрыманасьці!
Радуйся, сьветлы Вобраз уваскрасеньня!
Радуйся, Прыклад жыцьця анёльскага!

Радуйся, Дрэва салодкаплоднае, з якога верныя кормяцца!
Радуйся, Куст, у цені лісьцяў якога многія знаходзяць прыпынак!
Радуйся, бо Ты нарадзіла Правадніка тых, што зблудзілі!
Радуйся, бо Ты насіла ва ўлоньні Выкупіцеля палонных!

Радуйся, Уміласьціўленьне праведнага Суддзі!
Радуйся, Прабачэньне многіх грэшнікаў!
Радуйся, Вопратка зьнявераных!
Радуйся, Любоў, што ўсякае жаданьне пераўзыходзіць!
*Радуйся, Дзева Маці!

Кандак 8
Бачачы дзівоснае нараджэньне, аддалімся ад сьвету і перанясемся думкаю на неба: вось Найвышэйшы Бог зьявіўся на зямлі як чалавек, каб узьняць да нябеснай вышыні тых, што клічуць: Алілуя!

ДЗЕНЬ VIIІ (21 снежня) – Ікас 8
Неўмяшчальнае Слова было поўнасьцю прысутнае на зямлі, не пакінуўшы неба: бо гэта было не перамяшчэньне, але Божая спагада, што нарадзілася ад Дзевы, якая прыняла Бога і пачула такое ўсхваленьне:

Радуйся, Умяшчальня неўмяшчальнага Бога!
Радуйся, Брама сьвятой тайніцы!
Радуйся, Зьбянтэжанасьць няверных!
Радуйся, несумненная Слава верных!

Радуйся, сьвятая Калясьніца Таго, Хто сядзіць на хэрувімах!
Радуйся, слаўнае Селішча Таго, Хто спачывае на сэрафімах!
Радуйся, бо Ты зьяднала супрацьлеглае!
Радуйся, бо Ты спалучыла дзявоцтва і мацярынства!

Радуйся, бо праз Цябе наш грэх быў адкуплены!
Радуйся, бо праз Цябе рай быў адчынены!
Радуйся, Ключ Хрыстовага валадарства!
Радуйся, Надзея вечных дабротаў!
*Радуйся, Дзева Маці!

Кандак 9
Усе анёлы зьдзівіліся, угледзеўшы веліч уцелаўленьня Твайго: Недаступны Бог, Ты стаўся даступным для людзей, жыў сярод іх і чуў, як яны ўсклікаюць: Алілуя!