Вялікі Валадар нараджаецца як маленькае Немаўля. Зорка прыводзіць здалёк мудрацоў. Яны прыходзяць па…
Чаго ты баішся, Ірад, калі чуеш, што нарадзіўся Валадар? Ён прыйшоў не адхіліць цябе ад улады, але перамагчы д’ябла. Але ты, не разумеючы гэтага, хвалюешся і шалееш. Каб забіць толькі таго, каго шукаеш, ты становішся жорсткім забойцам многіх дзяцей.
Цябе не стрымлівае ні галашэнне любячых маці, ні айцоў, што аплакваюць смерць дзяцей, ні енкі і плач Немаўлят. Страх, які забівае цябе ў сэрцы, падштурхоўвае цябе забіваць дзяцей. Ты думаеш, што калі споўніш задуманае, то зможаш доўга жыць, хоць імкнешся забіць само Жыццё.
Але Ён, крыніца ласкі, такі маленькі і такі вялікі, ляжыць у яслях і пагражае твайму трону. Хоць ты не ведаеш, але Ён здзяйсняе праз цябе свае планы і вызваляе душы з няволі д’ябла. Ён прымае дзяцей ворага ў лік усыноўленых дзяцей.
Немаўляты несвядома гінуць за Хрыста, бацькі аплакваюць смерць мучанікаў. А Хрыстос робіць сваімі красамоўнымі сведкамі тых, хто яшчэ не гаворыць. Вось як валадарыць Той, Хто прыйшоў так валадарыць. Вось ужо вызваляе Вызваліцель, і дае збаўленне Збаўца.
Але ты, Ірад, не ведаючы гэтага, хвалюешся і шалееш. У той час, як лютуеш супраць Немаўляці, ты ўжо несвядома аддаеш Яму пашану.
О вялікі дар ласкі! За якія ж заслугі Немаўлятам наканавана такая перамога? Яны яшчэ не гавораць, але вызнаюць Хрыста. Яны яшчэ не могуць падняцца на бітву, а ўжо атрымліваюць вянок перамогі.
Св. Кводвультдэус