Язэп ГЭРМАНОВІЧ / Joseph HERMANOVIČ (20.02(04.03).1890, в. Гальшаны (сёння Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.) — 26.12.1978, Лондан, Вялікабрытанія)
Вучыўся ў гарадской школе ў Ашмянах, а потым — у Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі, якую скончыў у 1913 г. і атрымаў святарскія пасвячэнні. Служыў на Беласточчыне. У 1920 г. перабраўся ў Слонімскі павет, а ў 1924 г. уступіў у Кангрэгацыю марыянаў. Пераехаў у Друю, выкладаў закон Божы і лацінскую мову ў Друйскай гімназіі. Друкаваўся ў беларускіх выданнях “Крыніца”, “Хрысьціянская Думка”, пісаў пад псеўданімам Вінцук Адважны.
Ад 1932 г. працаваў у Харбіне ва Ўсходняй місіі. У 1936 г. вярнуўся ў Вільню, дзе стаў кіраваць Домам марыянаў, аднак у 1938 г., пасля закрыцця ўстановы, зноў праз Рым выехаў у Харбін.
У 1948 г. быў арыштаваны кітайскімі камуністычнымі ўладамі і выдадзены Саветам, асуджаны на 25 гадоў прымусовых працаў. Адбываў пакаранне ў лагерах Сібіры.
Па вызваленні ў 1955 г. выехаў у Польшчу, адтуль у 1959 г. пераехаў у Рым і далей у Вялікабрытанію. Пасяліўся ў Лондане ў Марыян Хаўзе. Ад 1962 г. быў цягам некалькі гадоў дырэктарам школы-інтэрнату Св. Кірылы Тураўскага. У 1964 г. аднавіў выданне рэлігійна-грамадскага часопісу “Божым Шляхам”, рэдактарам якога заставаўся амаль да смерці.
Пісаў байкі, быў аўтарам успамінаў “Кітай — Сыбір — Масква”, выдадзеных на шасці мовах. Архіў дзеяча захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы імя Ф. Скарыны.
Пахаваны ў адной магіле з айцом Львом Гарошкам на St. Pancras Сemetery ў Лё6ндане.